БЕЛ Ł РУС

Ксёндз Акалатовіч: Мяне абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана

8.04.2025 / 13:27

Nashaniva.com

Асуджаны на 11 гадоў зняволення па абвінавачанні ў «дзяржаўнай здраде» ксёндз Генрых Акалатовіч накіраваў вернікам пасланне з-за кратаў. Ягоны ліст быў перададзены напярэдадні 65-годдзя святара, якое ён адзначыў 8 красавіка ў СІЗА Мінска, піша katolik.life.

Скрыншот ctv.by

З паведамлення, якое святару ўдалося перадаць, у агульных рысах становіцца зразумела, у чым яго абвінавацілі. Нагадаем, суд праходзіў у закрытым рэжыме, і ніякіх афіцыйных звестак пра справу настаяцеля з Валожына не было.

Ксёндз Генрых паведаміў, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана», што ён назваў «грубай правакацыяй». Ён падкрэсліў, што ніколі не быў ніякім шпіёнам, што ён — слуга Бога, а судзяць на самой справе не яго аднаго, а ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі.

Спасылаючыся на словы кардынала Казіміра Свёнтка, якога таксама трымалі ў СІЗА КДБ, святар адзначыў, што «святароў пераследуюць, каб закрыць нам раты, каб Каталіцкая царква не казала праўду».

Па словах асуджанага ксяндза, у яго справе «няма ні слова праўды, ніводнага факта, які б сведчыў пра шпіянаж, а ўсё абвінавачанне трымаецца на хлусні, пагрозах і шантажы». Ён таксама падкрэсліў, што з дзясяткаў сведкаў — у тым ліку чыноўнікаў і вайскоўцаў — ніхто не даў супраць яго абвінаваўчых паказанняў.

«Калі няма фактаў, а ўсё роўна судзяць пад надуманай падставай — гэта палітычны працэс», — лічыць святар.

У яго пасланні таксама гаворыцца пра няправільны пераклад яго тэксту ў матэрыялах справы — мяркуецца, што гаворка ідзе пра нейкі ліст на польскай мове. Узгадваюцца эксперты з Міністэрства абароны, з чаго можна зрабіць выснову, што святара маглі абвінаваціць у нібыта перадачы нейкіх звестак ваеннага характару.

У Валожыне знаходзіцца вайсковая частка, якая размешчана ў самым цэнтры горада — у былым палацы побач з касцёлам.

Святар мяркуе, што яго справа была сфабрыкаваная ў тым ліку дзеля таго, каб на надуманай падставе і пад выглядам «нанесенай шкоды» забраць ахвяраванні, якія ў яго канфіскавалі, і запатрабаваць яшчэ большую суму.

Таксама katolik.life стала вядома, што ксяндза схілялі да правакацый супраць некаторых каталіцкіх іерархаў, але ён адмовіўся ўдзельнічаць у гэтым. Генрых Акалатовіч падкрэслівае, што ганарыцца тым, што можа пакутаваць за Каталіцкую царкву, за веру, за Бога, і просіць Яго даць яму сілы, каб да канца заставацца годным вучнем Хрыста.

Да ўсіх, хто чыніць беззаконне, святар ставіцца як да язычнікаў: не праклінае, не жадае зла, а аддае на Божую справядлівасць.

Святар па-ранейшаму не мае магчымасці адпраўляць святую Імшу, яму нават не дазваляюць трапіць у малітоўную залу СІЗА, бо яна «не для яго» і пастаянна закрытая.

У святара інваліднасць, хворае сэрца, гіпертанія, цукровы дыябет і іншыя сур’ёзныя праблемы са здароўем, але не аказваецца неабходная медыцынская дапамога. Згодна з прысудам, хутка яго павінны накіраваць у калонію ўзмоцненага рэжыму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула