Трамп плануе вайсковы парад у свой дзень народзінаў
Прэзідэнт ЗША мае намер правесці ў сталіцы краіны Вашынгтоне вялікі вайсковы парад, прымеркаваны да 250-гадовага юбілею Арміі Злучаных Штатаў, які будзе адзначацца 14 чэрвеня. Пра гэта ў панядзелак, 7 красавіка, паведамілі некалькі амерыканскіх выданняў.
Фота Joe Raedle / Getty Images
Цікава, што ў той жа дзень Трампу споўніцца 79 гадоў.
Паводле звестак газеты Washington City Paper, якая першай паведаміла пра гэтыя планы, маршрут парада складзе 4 мілі (амаль 6,5 км) — ад штаб-кватэры Міністэрства абароны ЗША ў прыгарадзе Арлінгтане да Белага дома.
Прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі і ўзброеных сіл пацвердзілі наяўнасць такіх планаў выданням The Hill і NewsNation. Аднак яны ўдакладнілі, што афіцыйна планы яшчэ не зацверджаны, няма ніякіх заяў або распараджэнняў. Мясцовыя ўлады пакуль толькі праінфармаваныя пра магчымасць правядзення парада.