Генеральны сакратар НАТА раскрытыкаваў Расію за зацягванне перамоваў
Марк Рутэ дадаў, што спыненне агню «можа заняць больш часу, чым нам хацелася б».
Марк Рутэ. Фота: Geert Vanden Wijngaert / AP
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ лічыць, што Расія павінна прадэманстраваць ЗША жаданне скончыць вайну ва Украіне, але пакуль Крэмль толькі зацягвае гэты працэс. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю CBS News.
Ён падкрэсліў, што і ЗША, і НАТА прыкладаюць намаганні, каб пакласці канец вайне ва Украіне, «і ў межах гэтых намаганняў ЗША сапраўды стараюцца». Аднак цяпер мяч знаходзіцца на баку Расіі, якая робіць недастаткова для спынення агню.
«Я лічу, што яны дзейнічаюць недастаткова хутка, і мне здаецца, у прыватнасці я чую гэта ад маіх амерыканскіх суразмоўцаў, што Расія сапраўды павінна зрабіць больш, каб пакласці канец гэтай вайне», — адзначыў Рутэ. Ён падкрэсліў, што заходнія саюзнікі цалкам падтрымліваюць намаганні ЗША адносна справядлівага, трывалага і доўгатэрміновага завяршэння вайны.
Пры гэтым на прамое пытанне вядучай пра тое, ці не турбуе яго, што Расія дыктуе ЗША ўмовы адносна спынення агню, Рутэ адказаў адмоўна:
«Я размаўляў з Марка Рубіа, я рэгулярна кантактую з іншымі членамі амерыканскай адміністрацыі. Я думаю, што яны… сапраўды спрабуюць крок за крокам прыйсці да сітуацыі, калі гэтая вайна можа скончыцца. Але, вядома, Расія — расіяне таксама павінны танцаваць танга, а пакуль што яны, здаецца, гэтага не робяць, і гэта складана».
Рутэ таксама дадаў, што апошнім часам «лінія фронту рухалася ў няправільным кірунку». Пры гэтым ён не ўпэўнены ў тым, ці збіраецца Уладзімір Пуцін спыняць уварванне ва Украіну.