БЕЛ Ł РУС

Марыя Калеснікава выйшла на свабоду

13.12.2025 / 16:22

Nashaniva.com

Каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі, якая стала адным з сімвалаў выбарчых падзей, была арыштаваная 7 верасня 2020 года. Сілавікі спрабавалі выкінуць яе з Беларусі, але Марыя на мяжы парвала пашпарт і засталася на беларускай тэрыторыі — адзін з самых драматычных момантаў 2020 года. Калеснікавай прысудзілі 11 гадоў зняволення. У турме лукашэнкаўцы ўвялі для яе рэжым інкамунікада, родныя не ведалі нічога пра Марыю і яе стан здароўя.

На свабодзе апынулася Марыя Калеснікава. Яе сястра ўжо змагла сазваніцца з ёй.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», апошнім часам Калеснікаву перавялі з калоніі ў СІЗА, каб адкарміць перад вызваленнем і надаць ёй больш прэзентабельны выгляд. 

Марыя Калеснікава нарадзілася 24 красавіка 1982 года ў Мінску. Бацька, Аляксандр Калеснікаў, служыў на падводнай лодцы і выкладаў у авіяцыйным каледжы, маці — таксама інжынерка. У падлеткавым узросце Калеснікава была маладафронтаўкай, але пасля адышла ад палітычнай актыўнасці.

Марыя скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці флейтыст і дырыжор. З 17 гадоў выкладала флейту ў гімназіі ў Мінску. Грала на флейце ў оперным тэатры, аркестры Фінберга, у прэзідэнцкім аркестры. Вучылася ў Вышэйшай школе музыкі ў Штутгарце на факультэтах старадаўняй і сучаснай музыкі. Працавала ў Германіі, удзельнічала ў канцэртах, арганізоўвала міжнародныя культурныя праекты ў Германіі і Беларусі.

У 2017 годзе Белгазпрамбанк, старшынёй праўлення якога быў банкір Віктар Бабарыка, купіў тры пустыя цэхі Мінскага станкабудаўнічага завода. Былыя заводскія памяшканні пераабсталявалі ў культурны хаб — OК16. Гэта месца мелася зрабіцца інкубатарам культурных праектаў і эканамічных інструментаў будучыні. Арт-дырэктарам праекта стала Марыя Калеснікава. Менавіта дзякуючы гэтаму праекту Бабарыка і Калеснікава пазнаёміліся.

Калі ў маі 2020 года банкір абвесціў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, Марыя ўвайшла ў яго каманду.

Пасля арышту Бабарыкі і яго сына Эдуарда ўзначаліла штаб менавіта Калеснікава. Калі Бабарыку арыштавалі і адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, штабы аб’ядналіся, і Марыя стала працаваць у супольнай камандзе са Святланай Ціханоўскай.

Калеснікава засталася ў Беларусі, прымала ўдзел у маршах пратэсту, увайшла ў склад Каардынацыйнай рады.

Марыя Калеснікава. Фота LookByMedia

Марыя была арыштаваная 7 верасня 2020 года. Яе спрабавалі гвалтам вывезці з Беларусі ва Украіну, але яна на мяжы парвала свой пашпарт і ў выніку засталася на беларускай тэрыторыі. На наступны дзень была змешчана ў СІЗА. Там яе ўтрымлівалі ў ізаляцыі ад іншых арыштантаў.

Калеснікавай прысудзілі 11 гадоў зняволення. У абвінавачванні ішла гаворка пра «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне такім фарміраваннем», «публічныя заклікі да захопу ўлады».

У гомельскай калоніі Калеснікаву ўтрымлівалі ў рэжыме інкамунікада, часта кідалі ў ШІЗА і ў памяшканне камернага тыпу. За пяць гадоў ёй дазволілі толькі некалькі сустрэч з бацькам. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула