Марзалюк: Герб Пагоня ніколі не быў забаронены!
Дэпутату пры адказе пра статус герба Пагоня давялося выкручвацца. «У нас ёсць паняцце экстрэмісцкай сімволікі, але прамой забароны, тое, пра што вы кажаце, няма».
Дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк прыйшоў на праграму БТ «100 пытанняў даросламу». Там яго папрасілі растлумачыць, чаму бел-чырвона-белы сцяг, які быў дзяржаўным у 1990-я, цяпер забаронены.
«Яго выкарыстоўвалі на Усебеларускім кангрэсе ў 1917-м годзе. Ён быў абсалютна пазітыўным момантам. Але потым была вайна. І гэты сцяг стаў аб'ектыўна сімвалам і маркерам тых беларускіх нацыяналістаў, якія супрацоўнічалі з Гітлерам», — даводзіў Марзалюк, што нацыянальны сцяг у многіх асацыюецца з акупацыяй.
«Вось для мяне на сённяшні дзень людзі, якія выходзяць пад гэтым сцягам на дэманстрацыі і ўсё астатняе, гэта людзі, якія хацелі знішчыць маю краіну ў 2020 годзе. І на сённяшні дзень ён стаў (…) сімвалам нянавісці аднаго беларуса да іншага».
Дэпутат дадаў, што большасць насельніцтва нацыянальным сцягам лічыць афіцыйны чырвона-зялёны.
«Герб Пагоня таксама пад забаронай?» — спыталі ў Марзалюка.
«Не, ён ніколі не быў… Хто яго забараняў? Ёсць пастанова Савета Міністраў ад 2008 года, згодна з якой усе гістарычныя выявы герба Пагоня знаходзяцца пад аховай дзяржавы.
Не блытайце. Дзяржаўны герб Беларусі 1991-1995 года, які з'яўляецца навадзельным, які стварылі беларускія мастакі, ён аддалена нагадвае Пагоню эпохі Вітаўта-Ягайлы, але толькі аддалена. А вось усе гістарычныя, рэальныя выявы Пагоні, яны выкарыстоўваюцца ў тым ліку ў афіцыйнай геральдыцы беларускіх гарадоў.
Схадзіце на Плошчу сцяга і паглядзіце на гербы, ну скажам, Віцебскай вобласці і іншыя. І вы ўбачыце, што Пагоня альбо як элемент герба, альбо сцяга, альбо як асноўны элемент, выкарыстоўваюцца.
Дарэчы, у нас ёсць паняцце экстрэмісцкай сімволікі, але прамой забароны, тое, пра што вы кажаце, няма. І Пагоню ніхто не забараняў гістарычную. Яе выкарыстоўваюць».
Пры гэтым за налепкі з Пагоняй ці яе выяву на вокладцы пашпарта людзей адпраўляюць у ізалятар на суткі. Фактычна гэта сімволіка пад забаронай.
Марзалюк выказаўся таксама, што беларускую мову трэба абараняць.
«У Канстытуцыі напісана, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы. І любы, хто абражае па-хамску нашу мову, прыніжае нашу годнасць, таму што абраза мовы, любой мовы, гэта прыкмета хамства і невуцтва.
І за гэта трэба несці пакаранне. Таму што гэта распальванне расавай, нацыянальнай нянавісці на моўнай глебе. І за гэта трэба адказваць. І ў адміністрацыйным, і ў крымінальным плане, калі склад злачынства ёсць».