БЕЛ Ł РУС

У Польшчы хочуць увесці падатак для бігтэхаў, але ЗША гэта не падабаецца

12.03.2025 / 20:47

Nashaniva.com

Польшча не збіраецца адмаўляцца ад працы над падаткам для вялікіх лічбавых кампаній, нягледзячы на тое, што гэта не задавальняе ЗША. Пра сітуацыю распавядае devby.io.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

11 сакавіка віцэ-прэм'ер і міністр цыфравізацыі краіны Кшыштаф Гаўкоўскі ў інтэрв'ю Radio Zet заявіў, што Польшча працягвае працаваць над праектам па падатках для бігтэхаў.

Гэта адбылося пасля выказвання амбасадара ЗША ў Польшчы Томаса Роўза аб тым, што даплаты на буйныя ІТ-кампаніі ён лічыць «не вельмі разумным» і «самагубчым» рашэннем. Роўз дадаў, што яно нашкодзіць Польшчы і яе ўзаемаадносінам з ЗША.

Як піша devby, падатак, які рыхтуецца, будзе накіраваны на даходы, якія атрымліваюць тэхнагіганты ў Польшчы, і на падтрымку мясцовых кампаній. У гутарцы з журналістамі Гаўкоўскі адзначыў, што яму «надакучыла», што трэція краіны спрабуюць умяшацца ў заканатворчы працэс у Польшчы.

«Амбасадару варта ведаць, што ў Польшчы менавіта польскія ўлады, а таксама ўрадавыя і парламенцкія інстытуты прымаюць пастановы аб тым, як будзе выглядаць заканадаўчы працэс. Мы ні ад чаго не адмовімся і працягнем праводзіць кансультатыўныя работы, таму што Польшча мае права прымаць рашэнні.

У Польшчы ёсць такое ж права, як і ў Францыі, Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія ўжо ўвялі лічбавы падатак. З чаго б Польшчы над гэтым не працаваць? З чаго б не абмяркоўваць магчымасць таго, каб буйныя карпарацыі, якія зарабляюць тут, плацілі больш падаткаў?» — цытуе міністра Polskie Radio.

Міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Польшчы Катажына Пелчыньска-Наленч у каментары каналу TVP Info адзначыла, што ў цэлым падтрымлівае ідэю падобнага падатку, аднак таймінг абраны не самы прыдатны з улікам рызыкі гандлёвай вайны паміж дзвюма краінамі.

Амерыканскі дзяржсакратар Марка Рубіа на выходных абвінаваціў кіраўніка польскага МЗС Радаслава Сікорскага ў хлусні і няўдзячнасці, а Ілан Маск адкрыта нахаміў яму ў сацсетках.

У панядзелак за свайго суайчынніка заступіўся прэм'ер Дональд Туск, які заклікаў заакіянскіх «сяброў» «прыцішыць запал». Новы польскі падатак — яшчэ адна тэма славеснай вайны паміж Варшавай і Вашынгтонам, піша devby.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула