«Супраць рэжыму мусіць быць поўная блакада». Паліна Шарэнда-Панасюк выступіла з вострай прамовай у Еўрапарламенце
У французскім Страсбургу 11 сакавіка адбылася адмысловая пленарная сесія Еўрапарламенту, прысвечаная Міжнароднаму дню жанчын. Перад прыблізна 700 парламентарыямі выступілі Святлана Ціханоўская і нядаўна вызваленая былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк. Прамова Шарэнды-Панасюк была вельмі вострай і цвёрдай, піша «Белсат».
Паліна Шарэнда-Панасюк на трыбуне Еўрапарламента. Скрыншот з відэа
Паліна Шарэнда-Панасюк сказала ў сваёй прамове, што яна чатыры гады была закладніцай рэжыму Лукашэнкі і «прайшла праз пекла турмаў дыктатара, які ў нязменным выглядзе захаваў метады фізічнага і псіхічнага вынішчэння сталінскага ГУЛАГу».
«Чатыры гады поўнай ізаляцыі ад свету, ад дзяцей і родных. Чатыры гады адзіночных камераў, перасыльных вагонаў, 270 дзён ШІЗА — месцаў ізаляцыі і катаванняў. Але я вытрымала і выйшла на свабоду».
Былая палітзняволеная падкрэсліла, што цяпер на волі ў тым ліку дзякуючы прынцыповай пазіцыі дэпутатаў Еўрапарламента. Яна асобна падзякавала прэзідэнтцы Еўрапарламента Раберце Метсола за ўсе захады, зробленыя дзеля яе, Паліны, вызвалення. Метсола падчас зняволення Паліны Шарэнды-Панасюк была яе еўрапейскай «хроснай».
Паліна нагадала, што за кратамі ўсё яшчэ застаюцца тысячы іншых палітвязняў, сярод якіх — яе паплечнікі з руху «Еўрапейская Беларусь»: Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Андрэй Войніч, Павел Юхневіч.
«Шмат пра каго з палітвязняў няма звестак ужо больш за два гады, як пра аднаго з лідараў беларускай нацыі Міколу Статкевіча. Невядома, ці ўвогуле жывы ён. Катастрафічнае становішча ў жанчын-палітзняволеных: Вікторыі Кульшы, Алены Гнаук, Вольгі Маёравай. Я вельмі трывожуся за іхняе жыццё», — казала Паліна Шарэнда-Панасюк.
Былая палітзняволеная заклікала не верыць беларускім уладам, што палітвязні нібыта выпускаюцца праз гуманізм.
«Не. З людзей катаваннямі выбіваюць прашэнні да Лукашэнкі аб памілаванні, прымушаюць даваць «пакаянныя» інтэрв’ю і падпісваць паперы пра супрацу з КДБ. Людзей калечаць, шантажуюць, пагражаюць ціскам на сваякоў, забіраюць дзяцей і маёмасць. Сотні тысяч беларусаў пад пагрозай новых рэпрэсіяў былі вымушаныя ўцякаць з краіны», — казала жанчына.
Паліна Шарэнда-Панасюк заклікала Еўрапарламент да ўзмацнення рэальнага ціску на рэжым, не толькі праз увядзенне новых санкцыяў і дасканалага кантролю над іх ажыццяўленнем:
«Супраць рэжыму Лукашэнкі мусяць быць уведзеныя поўная блакада і гандлёвае эмбарга. Праз канцлагер пад назваю Беларусь не павінна быць аніякага транзіту тавараў, што ідуць у Еўропу з Кітаю і іншых краінаў Усходу. Рэжым павінен зрабіцца поўным ізгоем у палітычным, эканамічным і спартыўным плане».
«Без вольнай Беларусі існаванне свабоды і дэмакратыі ў Еўропе заўжды будзе пад пагрозаю, у тым ліку расійскай агрэсіі. Таксама перамога ва Украіне не будзе магчымай і поўнай без свабоднай Беларусі. […] Мы змагаемся за тыя каштоўнасці, на якіх заснаваны Еўрасаюз. У гэтай барацьбе нам патрэбная ваша дапамога», — падсумавала сказанае Шарэнда-Панасюк.
Чытайце таксама:
Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце разам з Палінай Шарэндай-Панасюк
Алексіевіч пра вызваленне палітвязняў: Трэба размаўляць з Лукашэнкам
Андрэй Шарэнда: Пазняк або памыляецца, або хлусіць, што мае нейкае дачыненне да вызвалення Паліны
Шарэнда-Панасюк: Я разумела, што можа быць сітуацыя, калі нават дзецьмі давядзецца ахвяраваць
Шарэнда-Панасюк патлумачыла, чаму ў зняволенні адмаўлялася ад тэлефонных званкоў дадому
Шарэнда-Панасюк адказала Пазняку: Прапануйце сябе на месца палітвязняў