БЕЛ Ł РУС

Viber скарачае штат у Мінску і ўпершыню набірае ў Польшчы

11.03.2025 / 15:25

Nashaniva.com

У пачатку 2025 года ў мінскім офісе працавала каля 150 спецыялістаў. У студзені некаторым з іх, у тым ліку тым, хто меў доўгатэрміновыя кантракты, кіраўніцтва паведаміла пра скарачэнні.

Rakuten Viber скараціла частку мінскай каманды і, імаверна, спыніла найм у Беларусі. Затое кампанія набірае супрацоўнікаў у Польшчы, дзе плануе адкрыць офіс у 2025 годзе, піша Devby.io

Viber — адзін з апошніх вядомых прадуктавых ІТ-праектаў, які на фоне апошніх крызісаў працягваў паўнавартасную працу ў Беларусі. R&D-офіс у Мінску працуе з 2012 года. Для многіх, нават далёкіх ад ІТ людзей, гэты брэнд трывала асацыюецца з беларускім ІТ, нягледзячы на яго ізраільскія карані.

У пачатку 2025 года ў мінскім офісе працавала каля 150 спецыялістаў. У студзені некаторым з іх, у тым ліку тым, хто меў доўгатэрміновыя кантракты, кіраўніцтва паведаміла пра скарачэнні.

Супрацоўнікі, з якімі devby змог пагаварыць ананімна, лічаць, што скарацілі не менш за 5% ад усёй каманды.

Найбольш распаўсюджанае меркаванне: скарачэнні звязаныя з аптымізацыяй выдаткаў пасля блакіроўкі Viber у Расіі ў канцы 2024 года — кампанія страціла значную частку карыстальнікаў.

Менеджмент, па словах крыніц, у асабістых размовах з тымі, каго планавалі скараціць, выказваў прэтэнзіі да іх працы. Прапаноўвалі сысці «па пагадненні бакоў», давалі час на пошук новай працы, выплачваючы заробак за 2 месяцы.

«Мне, напрыклад, паведамілі, што паводле вынікаў гадавога агляду ў мяне выйшла не вельмі высокая ацэнка. Але ніхто не агучваў канкрэтных лічбаў і крытэрыяў. Пры гэтым усе задачы выконваліся своечасова. Атрымліваецца, што летам усё было добра, а ўзімку — на мароз», — падзяліўся адзін з былых супрацоўнікаў.

Адначасова Viber фактычна спыніў найм у Беларусі. На афіцыйным сайце кампаніі засталася толькі адна вакансія — Content Validation Specialist.

«Яшчэ ў канцы 2024 года на сайце кампаніі былі вакансіі ў Мінску. Але ўжо ў пачатку 2025-га яны зніклі, затое з’явіліся прапановы працы ў Варшаве».

Частка супрацоўнікаў Viber з Мінска хацела пераехаць у Польшчу, некаторыя зрабілі гэта яшчэ ў 2020 годзе праз праграму Польская карта (PBH).

«Здаецца, у другой палове 2023-га або на пачатку 2024-га топ-менеджмент абмяркоўваў магчымасць адкрыцця офіса ў Польшчы. Нават прыязджала высокае начальства з Ізраіля. Але тады сказалі, што дорага — сядзіце або ў Мінску, або ў Грузіі. Верагодна, пасля блакіроўкі Viber у Расіі кампанія перагледзела свае планы», — распавёў адзін з супрацоўнікаў.

У польскі офіс плануюць набраць 50 спецыялістаў.

Паводле адной крыніцы, Viber не прапаноўваў мінскім супрацоўнікам рэлакавацца ў Польшчу. Згодна з іншай крыніцай, кампанія шукае спецыялістаў, якія ўжо маюць ІП (JDG) у Польшчы, афармляе па мадэлі B2B.

Новым супрацоўнікам у Варшаве прапануюць гібрыдны фармат працы і кампенсацыю паркоўкі (каля 150 еўра ў месяц), калі адкрыецца офіс.

«Ад людзей, якія ўжо атрымалі офер, я чуў, што Viber прапануе зарплаты па ніжняй мяжы рынку. Акрамя таго, штогадовая прэмія ў Польшчы, верагодна, будзе ніжэйшай, чым у Беларусі», — адзначыў адзін з суразмоўцаў.

Пакуль няма прыкмет, што Viber цалкам закрывае офіс у Беларусі. Але супрацоўнікі не ўпэўненыя ў сваіх доўгатэрміновых перспектывах.

Некаторыя чакаюць новых скарачэнняў, іншыя — прапановы пра пераезд.

«Усё выглядае так, што, ацаніўшы рызыкі пасля блакіроўкі ў РФ, Viber вырашыў паступова пераносіць асноўныя распрацоўчыя магутнасці ў Польшчу».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула