У Баранавічах паставілі вялікі помнік мясарубцы
Помнік паставілі на тэрыторыі прадпрыемства «Гандальмаш». Ён прысвечаны знакамітай прадукцыі завода, паведамляе «Наш край».
Мясарубку вышынёй 3,2 метра зрабіў фаніпальскі скульптар Уладзімір Канонік. Ідэя стварэння менавіта гэтага арт-аб’екта належыць калектыву завода.
Канструкцыю можна круціць за ручку — пры гэтым у рух прыходзіць махавік, а таксама пачынае круціцца рашотка.
«Мы доўга разважалі, які арт-аб’ект стварыць, і спыніліся на бытавой мясарубцы, з якой, па сутнасці, і пачаўся «Гандальмаш». Напэўна, няма такой сям’і ў рэспубліцы, у якой не было б нашага вырабу. З моманту запуску вытворчасці мы вырабілі больш за 3 мільёны бытавых мясарубак. Так што яна па праву лічыцца сімвалам «Гандальмаша», — распавёў дырэктар прадпрыемства Сяргей Герасімчык.
Скульптура зроблена з чорнага металу і пакрыта кавальскай фарбай, устойлівай да негатыўных умоў надвор’я.
На мясарубцы размешчана мышаня — вядомы персанаж мультфільма «Рататуй».
Знутры арт-аб’ект будзе падсвятляцца рознымі колерамі.