БЕЛ Ł РУС

«Хавалі адны берцы». Стала вядома, чаму жыхар Рэчыцы пайшоў ваяваць супраць Украіны

9.03.2025 / 15:38

Nashaniva.com

Пра гібель жыхара Рэчыцы Мікалая Коваля на вайне Расіі супраць Украіны летам 2024 года паведаміла «Наша Ніва». «Флагшток» пагаварыў з былым знаёмым няўдалага захопніка — Ігарам (імя зменена ў мэтах бяспекі). Рашэнне пайсці на вайну было прынята пасля шэрагу асабістых няўдач Мікалая.

Мікалай Коваль. Фота: тут і далей з сацсетак

Мікалай Коваль пачынаў у МНС і меў перспектывы для кар'ернага росту:

«Нармальны кампанейскі хлопец, паступіў [у інстытут МНС], пайшоў на павышэнне, як кіраўнік быў справядлівы. Такі служака-устаўнік, фанат вайсковага ўкладу. Яго хацелі ставіць начальнікам Брагінскага РАНС. Ён адмовіўся і звольніўся. Уладкаваўся да нафтавікоў на «Беларуснафту». Але і там нешта не зраслося».

@nashaniva Як на вайне апынуўся беларус #зсу #мова #беларусь #нашаніва #белорус #речица #рэчыца ♬ In Essence (Slowed) - Ka$tro

Перад заключэннем кантракта з Мінабароны РФ Мікалай сутыкнуўся з жыццёвымі цяжкасцямі:

«Потым купіў бус, вадзіў маршрутку, але сеў на стакан… Развод, аліменты, бізнэс пайшоў па п***е, і ён заключыў кантракт на СВА».

«Хавалі адны берцы», — так ахарактарызаваў пахаванне Ігар.

Ён мяркуе, што прычынай смерці Мікалая Коваля стаў выбух, бо для пахавання родным даставілі толькі асобныя фрагменты цела.

Некралог аб смерці Коваля ў «Аднакласніках»

Мікалай Коваль скончыў Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі і Гомельскі інжынерны інстытут МНС. Адслужыў у паветрана-дэсантных войсках. Некаторы час працаваў у пажарнай аварыйна-выратавальнай часці на аб'екце «Беларуснафта» пад Рэчыцай, быў начальнікам варты. Потым стаў індывідуальным прадпрымальнікам.

Вядома, што на Коваля распачыналі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 218 («наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці»), але вытворчасць спынілі.

Калі Коваль паехаў ваяваць, невядома. Ён служыў у 254-м мотастралковым палку (в/ч 91704), які дыслакаваўся ў Бранскай вобласці.

У маі 2024-га Коваль быў паранены, трапіў у шпіталь у Белгарадзе. Пасля зноў вярнуўся на вайну, яго прызначылі камандзірам узвода. З 4 ліпеня 2024-га лічыўся зніклым без вестак.

Пра смерць Мікалая 30 жніўня 2024 года напісала ў сацсетках яго маці — Таццяна Коваль:

«Сыночак наш едзе дадому са СВА навечна маладым».

Ковалю было 44 гады. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула