БЕЛ Ł РУС

Z-блогеры паведамляюць пра няўдачы расійскіх войскаў на Данбасе

6.03.2025 / 21:18

Nashaniva.com

Адразу некалькі расійскіх праваенных блогераў паведамілі, што расійскія войскі затармазілі свой наступ на ключавых кірунках у Данецкай вобласці, заўважыла выданне «Важные истории».

Недалёка ад лініі фронту на Пакроўскім кірунку знаходзіцца знак Данецкай вобласці, упрыгожаны сцягамі ўкраінскіх падраздзяленняў. Фота: AP Photo/Evgeniy Maloletka

«Пад Пакроўскам усё вельмі складана, выбіваюць лагістыку, няма людзей. Пад Часавым Ярам ледзь ідзем наперад, але тая ж карціна — выбіваюць лагістыку, няма людзей. Па Тарэцку — гарадскія баі, УСУ контратакуюць. Працягваем вешаць лапшу начальству на ўсіх узроўнях. Карціна — няма людзей, выбіваюць лагістыку», — паведаміў Z-канал «БЧ 3».

Так, на левым флангу ад Пакроўска УСУ вядуць контрнаступальныя дзеянні, у той час як расійскія салдаты «адышлі з шэрагу пазіцый, зберагаючы асабовы склад», піша блізкі да Генштаба УС РФ тэлеграм-канал «Рыбарь».

Ваенкар Кацянок перадае, што ўкраінскім войскам удалося «значна затармазіць наступленне УС РФ, а месцамі і пацясніць», як у раёне Удачнага і Котліна на паўднёвым захадзе ад Пакроўска, а таксама замацавацца ў прамзоне Пясчанага і выйсці да ўскраін Шаўчэнкі на поўдні.

«На левым флангу Пакроўскага фронту сітуацыя вельмі цяжкая. У Тарэцку — цяжкая […] Нягледзячы на паведамленні МА РФ аб вызваленні Тарэцка, УС РФ не валодаюць горадам цалкам. У Часавым Яры пазіцыйныя баі, навін практычна не паступае», — піша прапагандыст Алег Цароў.

У Тарэцку УСУ таксама сцягнулі рэзервы і контратакуюць, «відавочна, уклініўшыся ў нашу абарону, а некаторыя ўчасткі забудовы так і не былі ўзятыя», адзначае «Рыбарь». Z-канал «Филолог в засаде» патрабуе прыцягнуць да адказнасці тых у Мінабароны РФ, хто 7 лютага даў справаздачу аб поўным узяцці горада.

Украінскія афіцыйныя асобы і тэлеграм-каналы, OSINT-праект DeepState і амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) пацвярджаюць запаволенне прасоўвання УС РФ у Данецкай вобласці.

«Мы бачым, што яны высільваюцца. І яны гэтага не хаваюць. Асобныя [прапагандысты] кажуць, што ў іх не хапае асабовага складу, дронаў, КАБаў», — кажа прадстаўнік аператыўна-стратэгічнай групоўкі «Хорціца» Віктар Трэгубаў.

ISW у штодзённай справаздачы 6 сакавіка апублікаваў карты, з якіх вынікае, што УСУ прасунуліся ў раёне Тарэцка і пад Пакроўскам.

«Нашы значна пашырылі зону кантролю каля Шаўчэнкі, цяпер маем тактычныя поспехі», — піша баец УСУ з пазыўным «Мучной».

На карце DeepState невялікая частка захопленых УС РФ участкаў на левым флангу ад Пакроўска за апошні тыдзень перайшла ў шэрую зону.

У канцы лютага ўкраінскія вайскоўцы і аналітыкі паведамілі пра пагаршэнне аператыўнага становішча УС РФ у раёне Пакроўска.

«Падзеі на Пакроўскім кірунку, мяркуючы па ўсім, усё больш пачынаюць набываць даволі негатыўны для праціўніка характар. Першыя «званочкі» таго, што сітуацыя там можа памяняцца кардынальным чынам, ужо звіняць», — пісаў украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец.

Са слоў аналітыка, каля двух тыдняў расійскія войскі ў раёне сёлаў Котліна, Удачнага, Успенаўкі і Пясчанага не маглі прасунуцца наперад, нягледзячы на тое, што ўвесь час праводзяць атакі і штурмы.

Напярэдадні Расія і ўвогуле прыпыніла больш чым на тыдзень наступ на поўдзень і паўднёвы захад ад Пакроўска, хоць каля горада і на прылеглых кірунках разгорнутыя чатыры расійскія агульнавайсковыя арміі.

У канцы студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў на Пакроўскі кірунак аднаго з самых маладых і перспектыўных генералаў — камандуючага Сухапутнымі войскамі УСУ Міхаіла Драпатага. Ён удзельнічаў у вызваленні Херсона і адказваў за паспяховую абарону пад Харкавам летам 2024 года.

Чытайце таксама:

УСУ вярнуліся ў цэнтр Тарэцка і стварылі пагрозу атачэння расійскай групоўкі ў горадзе

Украінскія дэсантнікі адбілі важны пасёлак пад Пакроўскам

Украінскія вайскоўцы вызвалілі сяло ў Данецкай вобласці

Украінцы праводзяць паспяховыя контратакі на Пакроўскім напрамку

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Герой вызвалення Марыупаля ў 2014-м стаў камандуючым Сухапутнымі сіламі УСУ

Каментары да артыкула