БЕЛ Ł РУС

Кантроль над ключавымі партамі вакол Панамскага канала атрымаюць амерыканцы

5.03.2025 / 8:0

Nashaniva.com

На фоне ціску з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ганконгскі холдынг Hutchison заявіў, што прыняў рашэнне перадаць кантроль над двума асноўнымі партамі ў раёне Панамскага канала амерыканскаму кансорцыуму, піша Бі-бі-сі.

Панамскі канал. Фота: Matias Delacroix, File

Кампанія CK Hutchison Holdings заявіла, што прадасць 90-працэнтную долю ў Panama Ports Company, якая кіруе партамі «Бальбоа» і «Крыстабаль» па абодва бакі канала, кансорцыуму на чале з амерыканскай інвестыцыйнай кампаніяй BlackRock.

У адпаведнасці з умовамі ўгоды, сума якой перавышае 14 мільярдаў даляраў, амерыканцы таксама атрымаюць кантроль над 80% актываў даччыных кампаній Hutchison, якія кіруюць 43 партамі і інфраструктурай у 23 краінах, у тым ліку ў Брытаніі, Германіі, на Блізкім Усходзе і ў Паўднёва-Усходняй Азіі.

На думку аналітыкаў, рашэнне перадаць кантроль над асноўнымі партамі магло быць прынята пад ціскам новай амерыканскай адміністрацыі. У першыя дні свайго прэзідэнцтва Дональд Трамп бяздоказна заяўляў, што канал кантралюе Кітай, і пагражаў вярнуць яго пад кантроль ЗША.

Трамп нават не выключыў магчымасці сілавога захопу, што выклікала гнеўную рэакцыю ўладаў Панамы і мясцовых жыхароў, якія выйшлі на акцыі пратэсту.

У супольным прэс-рэлізе прадаўцоў і пакупнікоў гаворыцца, што ўгода не звязаная з палітыкай.

«Я хацеў бы падкрэсліць, што здзелка носіць выключна камерцыйны характар і зусім не звязаная з нядаўнімі палітычнымі навінамі, якія тычацца панамскіх партоў», — заявіў адзін з кіраўнікоў Hutchison Фрэнк Сікст.

Урад Панамы заявіў, што не мае ніякага дачынення да ўгоды.

«Гэта глабальная здзелка паміж прыватнымі кампаніямі, якія кіруюцца ўзаемнымі інтарэсамі», — гаворыцца ў заяве панамскіх уладаў, якое цытуе AFP.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула