БЕЛ Ł РУС

Больш не «Макдональдс». Кітайская сетка рэстаранаў хуткага харчавання стала найбуйнейшай у свеце

3.03.2025 / 21:08

Nashaniva.com

Mixue прапануе наведвальнікам марозіва і салодкія напоі менш чым за 1 даляр. Сімвалам сеткі рэстаранаў стала дзіця персанажа Мішлен і снегавіка Фроста. Пра легендарны брэнд расказаў The Wall Street Journal.

Кропка Mixue у Ганконгу. Фота: May James / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Цалкам назва папулярных рэстаранаў гучыць як Mixue Ice Cream and Tea. Заснаваў яе Чжан Хунчао ў 1997 годзе ў кітайскім Чжэнчжоў.

Марозіва і напоі, якія прадстаўленыя ў меню рэстаранаў, каштуюць прыблізна па 83 цэнты. Па словах аднаго з пекінскіх аналітыкаў Эрнана Цуя, асабліва папулярна Mixue у невялікіх гарадах.

«Людзі імкнуцца да больш эканамічных прадуктаў», — тлумачыць ён.

Цяпер Mixue стала найбуйнейшай сеткай хуткага харчавання ў свеце, абагнаўшы «Макдональдс» і «Старбакс». Але пакуль яе кропкі працуюць толькі ў Азіі і Аўстраліі.

Кампанія не збіраецца спыняцца, але аб сваіх планах па выхадзе на рынак ЗША пакуль не казала. Прыкладна 90% яе рэстаранаў знаходзяцца ў Кітаі.

Па дадзеных даследчай кампаніі Technomi, у мінулым годзе Mixue валодала 45 тысячамі пунктаў. Агулам яе кошт ацэньваюць у больш чым 10 мільярдаў даляраў.

Салодкі напой з Mixue. Фота: mixueantapani / Instagram

Часта ярка-чырвоныя рэстараны адкрываюцца побач з кіёскамі па рамонце тэлефонаў альбо пельменнымі, што таксама тлумачыць іх шалёную папулярнасць.

Акрамя таго, у Mixue можна заказаць ліманад. Дзякуючы гэтай пазіцыі кампанія стала самым вялікім пакупніком цытрын у Кітаі.

А галоўны персанаж рэстаранаў — Снежны кароль — стаў нацыянальным сімвалам, якім калісьці быў Макдональд і палкоўнік Сандэрс (сетка KFC).

Пакупнікам палюбілася і песня, якая гучыць у кожным рэстаране: «Я люблю цябе, ты любіш мяне. Марозіва і гарбата Mixue».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула