У Маскве выпаў з акна трохразовы алімпійскі чэмпіён
У Маскве памёр 49-гадовы трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе, былы дэпутат Дзярждумы і памочнік кіраўніка Дагестана Бувайсар Сайціеў, паведаміў прэзідэнт Федэрацыі спартыўнай барацьбы РФ (ФСБР) Міхаіл Маміяшвілі. Паводле звестак тэлеграм-канала Baza, ён выпаў з акна сваёй кватэры на вуліцы Мінская, піша The Moscow News.
Трохразовага алімпійскага чэмпіёна, які ляжаў на зямлі, пабачыў раніцай дворнік. Ён паклаў пацярпелага, на целе якога не было крыві і траўмаў, на дошкі і выклікаў хуткую дапамогу. Дворнік і кансьерж спрабавалі пагаварыць з Сайціевым, але ён не мог вымавіць ні слова і растлумачыць, што з ім адбылося.
Паводле інфармацыі Baza, брат Сайціева (відаць, таксама былы барэц Адам Сайціеў) расказаў падчас апытання, што той мог выпадкова выпасці з акна сваёй кватэры на трэцім паверсе, займаючыся хатнімі справамі. Гэтую версію правяраюць следчыя.
Увечары 2 сакавіка стала вядома, што Сайціеў памёр у адной з маскоўскіх бальніц, куды яго прывезлі з пераломамі таза, рэбраў і хрыбетніка. Першапачаткова лекары выказалі здагадку, што ў пацярпелага адбылося атручанне. Пра гэта пішуць Shot і Mash.
Апошні сцвярджае, што барэц таксама пакутаваў ад хваробы лёгкіх і для зняцця болю прымаў прэпараты з моцнадзейнымі рэчывамі. «Смерць магла наступіць праз спыненне сэрца ў выніку інтаксікацыі», — паведамляе канал.
Сайціеў, які паводле нацыянальнасці чачэнец, але нарадзіўся і вырас у Дагестане, заваяваў залатыя медалі на Алімпіядах у Атланце (1996), Афінах (2004) і Пекіне (2008). Таксама ён меў шэсць залатых медалёў чэмпіянатаў свету і такую ж колькасць «золата» еўрапейскіх першынстваў. З 2016 па 2021 год Сайціеў быў дэпутатам Дзярждумы VII склікання ад Дагестана і членам Камітэта па фізічнай культуры, спорце, турызме і справах моладзі, а таксама дарадцам кіраўніка рэспублікі.
Чытайце таксама:
У Маскве выпаў з акна былы топ-менеджар ЮКОСа
У маскоўскім аддзеле паліцыі памёр ураджэнец Чачні, якога затрымалі пасля тэракта ў «Крокусе»