«Чырвоны Крыж» забяспечвае расійскіх палонных прэзерватывамі
Міжнародны камітэт «Чырвонага Крыжа» дамогся паслаблення ўмоў утрымання для расійскіх палонных і забяспечыў шэраг паляпшэнняў у іх утрыманні. Пра гэта расказала вядучая ютуб-праекта «Це ніхто не буде дивитись» Эма Антанюк, якая наведала лагер палонных, піша сайт «Мілітарний».
Скрыншот з відэа
«Раней было правіла: падчас пастраення палонныя павінны глядзець у зямлю. Гэта распаўсюджаны рэгламент рэжымных устаноў для дысцыпліны і падпарадкавання зняволеных. Для расіян гэтую норму скасаваў «Чырвоны Крыж»», — расказвае Антанюк, апісваючы рэаліі ўкраінскіх лагераў для палонных.
Яна таксама расказала, што гэтая рэарганізацыя пачала забяспечваць тамтэйшых вязняў прэзерватывамі «на выпадак, калі ім захочацца палюбіцца паміж сабой».
Таксама камітэт «Чырвонага Крыжа» прымае скаргі палонных і дабіваецца паляпшэння іх харчавання. Так, у мясцовым медпункце пасля яго ўмяшання з'явіліся вітаміны.
Цяпер ва Украіне існуе тры лагеры для ўтрымання расійскіх ваеннапалонных. Апошні з іх, «Цэнтр-3», быў адкрыты ў маі мінулага года з-за павелічэння колькасці палонных.
У прэс-службе дзяржаўнага праекта «Хачу жыць» расказалі, што ў новым лагеры асабовы склад расійскай арміі мае магчымасць працаваць, займацца спортам і праводзіць вольны час, ва ўстанове таксама абсталяваны спецыяльныя месцы для гатавання ежы, адпачынку і зносін з псіхолагамі. На тэрыторыі лагера ёсць і царква, куды могуць хадзіць палонныя.
Чытайце таксама:
Элітныя паўночнакарэйскія камандас, узятыя ў палон пад Курскам, далі першае вялікае інтэрв'ю
Украіна забараніла расейскім ваеннапалонным тэлефанаваць сваякам
Амерыканскія журналісты пабывалі ва ўкраінскай турме, набітай маладымі расійскімі прызыўнікамі