Малайзія адновіць пошук «Боінга», які таямніча знік у 2014 годзе
У Індыйскім акіяне адновяць пошукі зніклага ў сакавіку 2014 года самалёта Боінг 777-200 авіякампаніі Malaysia Airlines. Ён знік з радараў, калі выконваў рэйс MH370 з Куала-Лумпура ў Пекін. Целы 227 пасажыраў і 12 членаў экіпажа не былі выяўленыя, нагадвае Расійская служба Радыё Свабода.
Фота: Wikimedia Commons
Пошукавыя работы будзе праводзіць амерыканская кампанія Ocean Infinity, дапамагаць ёй будзе Міністэрства транспарту Малайзіі. Рашэнне аднавіць расследаванне было прынята на падставе даследаванняў і даных вялікай колькасці экспертаў.
Пошукавая аперацыя пачнецца прыкладна за паўтары тысячы кіламетраў ад горада Перт на паўднёва-заходнім узбярэжжы Аўстраліі. Час яе пачатку пакуль не паведамляецца.
Нагадаем, што самалёт, які накіроўваўся з Куала-Лумпура ў Пекін праз нейкі час пасля ўзлёту нечакана развярнуўся на 180 градусаў і паляцеў у бок Аўстраліі і дабраўся да Ціхага акіяна.
Калі Ocean Infinity выявіць абломкі самалёта, кампанія атрымае 70 мільёнаў даляраў. Кантракт заключаны на 18 месяцаў. Кампанія Ocean Infinity была заснавана ў 2017 года. Яна праводзіць марскія даследаванні з дапамогай дронаў.
Ocean infinity раней знаходзіла зніклыя судны. Напрыклад, з дапамогай яе тэхналогій былі знойдзеныя аргенцінская падводная лодка «Сан-Хуан», патанулая ў 2018 годзе з 44 людзьмі на борце, і французская падводная лодка «Мінерва», зніклая ў 1968-м.
Кампанія таксама прымала ўдзел у пошуках трохмачтавага судна «Вынослівасць», якое належала ірландскаму даследніку Эрнэсту Шэклтану. Яно затанула ў 1915 годзе ў Антарктыдзе. Яго абломкі былі выяўленыя ў 2022 годзе.
Раней пошукі малайзійскага лайнера праходзілі на плошчы 120 тысяч квадратных кіламетраў. У розны час і ў розных месцах былі выяўленыя 27 магчымых фрагментаў. Эксперты зрабілі выснову, што авіялайнер разваліўся, але чаму і дзе — у паветры або пры ўдары аб паверхню акіяна — да гэтага часу не ясна.
Вынікі расследавання былі апублікаваныя ў 2018 годзе. Эксперты не змаглі ўсталяваць абставіны і прычыны катастрофы, не выключыўшы «магчымасці ўмяшання трэціх асоб».