У Кітаі ствараюць самую магутную камеру назірання, якая будзе распазнаваць твары людзей за 100 кіламетраў
Кітайскія навукоўцы распрацавалі магутную аэракасмічную лазерную сістэму, здольную дэталёва разглядаць аб'екты памерам у міліметры на адлегласці больш за 100 кіламетраў, што можа стаць новым словам у сучаснай выведцы.
Ілюстрацыйная выява. Фота: Vecteezy
Распрацоўка належыць Навукова-даследчаму інстытуту аэракасмічнай інфармацыі Кітайскай акадэміі навук. Тэсты новай сістэмы ўжо адбыліся на высакагорным возеры Цінхай, што на паўночным захадзе Кітая, піша выданне South China Morning Post.
Умовы для тэстаў былі ідэальнымі: высокая бачнасць, адсутнасць воблакаў і стабільны вецер. Аптычная сістэма змагла хутка і дакладна зафіксаваць дробныя дэталі памерам усяго 1,7 міліметра на адлегласці 101,8 км.
Гэтая тэхналогія, як сцвярджаюць кітайскія навукоўцы, па сваіх магчымасцях у 100 разоў пераўзыходзіць усе сучасныя шпіёнскія камеры і тэлескопы.
Сама камера выкарыстоўвае спецыяльны лазер, які падсвятляе аб’екты і стварае іх дэталёвы малюнак, падобна да таго, як сонечнае святло дапамагае нам бачыць розныя прадметы. Галоўны сакрэт сістэмы — асаблівая матрыца з маленькіх лінзаў (4×4), якія разам працуюць як адна велізарная лінза. Гэта дазваляе бачыць вельмі дробныя дэталі на вялікай адлегласці.
Высокая дакладнасць сістэмы таксама стала магчымай дзякуючы пастаяннай мадуляцыі (змены частаты) лазернага промня на частотах больш за 10 ГГц, а таксама прасунутым алгарытмам, што зніжаюць узровень аптычнага шуму ў 10 000 разоў. Нават пры слабым сігнале сістэма стварае выразныя выявы, адзначае South China Morning Post.
Такую тэхналогію можна выкарыстоўваць у ваеннай сферы, напрыклад, для падрабязнага і бяспечнага вывучэння спадарожнікаў іншых дзяржаў — аж да чытання серыйных нумароў. Апроч гэтага, сістэма можа быць выкарыстана для дакладнага распазнання твараў людзей з арбіты Зямлі ці больш дбайнага адсочвання сілаў праціўніка падчас вайны.
Аднак у рэальных умовах дасягненне заяўленай якасці малюнкаў можа быць ускладнена атмасфернымі перашкодамі і складанасцю канструкцыі, прызнаюць кітайскія даследчыкі.
Чытайце таксама:
Элітныя паўночнакарэйскія камандас, узятыя ў палон пад Курскам, далі першае вялікае інтэрв'ю
DeepSeek збірае даныя карыстальнікаў і ў незашыфраваным выглядзе дасылае ў Кітай
Новая нейрасетка лакалізуе чалавека ці яго дом па фота знутры кватэры за секунды