У Латвіі прапанавалі забараніць пасажырскія перавозкі ў Беларусь і Расію
Як паведамляе Delfi.lv, дэпутат Нацыянальнага аб'яднання «Усё для Латвіі!» — «Айчыне і свабодзе/РННЛ» Яніс Вітэнбергс адзначыў, што пасажырскія перавозкі працягваюцца, «нягледзячы на пастаянныя заклікі не ездзіць у гэтыя краіны з улікам высокага рызыку вярбоўкі, разведкі і правакацый», тым самым «ствараючы пагрозу бяспецы» Латвіі.
У латвійскім Прыдруйску. На другім беразе Дзвіны — беларуская Друя. Фота з сацсетак
Акрамя таго, паводле слоў парламентарыя, на гэтых рэйсах «перавозяцца санкцыйныя тавары».
Нацыянальнае аб'яднанне, якое ўнесла ў парламент законапраект аб забароне пасажырскіх перавозак у Беларусі і Расію, лічыць мэтазгодным пачаць перагаворы з іншымі балтыйскімі дзяржавамі аб увядзенні агульнай забароны.
Па стане на гэты момант латвійскія кампаніі прапануюць дзевяць маршрутаў у Беларусь і Расію.
Як паведамлялася раней, на гэтым тыдні камісія латвійскага Сейма ўхваліла прапанову забараніць пастаўшчыкам турыстычных паслуг прапаноўваць паездкі ў Расію і Беларусь.
Прадстаўніца Латвійскай асацыяцыі турагентаў і тураператараў Кітыя Тыгуле расказала, што асацыяцыя ўжо заклікала сваіх членаў адмовіцца ад арганізацыі паездак у Расію і Беларусь. На гэты момант паездкі ў Расію не прапануе ніводзін аператар, а паездкі ў Беларусь прапануюць тры-чатыры турфірмы.
Чытайце таксама:
Сейм Латвіі падтрымаў забарону на куплю маёмасці грамадзянамі Беларусі
Спецслужбы Латвіі: уступленне Беларусі ў вайну супраць Украіны малаверагоднае
У Латвіі хочуць забараніць турфірмам арганізоўваць паездкі ў Беларусь