БЕЛ Ł РУС

Жанчына хацела працаваць у Нарвегіі, а атрымала за свае грошы толькі намаляваны квіток на самалёт

20.02.2025 / 22:26

Nashaniva.com

У аператыўна-дзяжурную службу Баранавіцкага ГАУС звярнулася 54-гадовая мясцовая жыхарка з заявай, што невядомы падманам завалодаў грашовымі сродкамі, якія ёй належаць. Здарылася так таму, што яна павялася на рэкламную аб'яву.

Фота ілюстрацыйнае

Пачалося ўсё з таго, што ўвагу жанчыны прывабіла рэклама ў інстаграме. Аб'ява ўтрымлівала прапанову аб працаўладкаванні на выгадных умовах у Нарвегіі.

Інфармацыя зацікавіла жанчыну, таму яна перайшла на старонку, дзе ў яе завязаўся дыялог з адміністратарам фірмы. Для афармлення дамовы па аказанні паслуг аб працаўладкаванні, а таксама для аплаты білета жанчыне неабходна было пералічыць прыкладна 1500 рублёў. Што яна і зрабіла.

Пасля пералічэння сродкаў жанчыне даслалі квіток на самалёт, аднак ёй кінуліся ў вочы некаторыя асаблівасці дакумента, якія прымусілі засумнявацца ў яго сапраўднасці. Каб развеяць сумневы, жанчына патэлефанавала ў авіякасы, але там ёй сказалі, што квіток несапраўдны.

Тады яна адразу ж напісала ў тэлеграм адміністратару, які абяцаў працаўладкаванне, але той ёй больш нічога не адказваў, выдаліў увесь дыялог і заблакаваў магчымасць далейшай камунікацыі.

Цяпер па гэтым факце завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 209 Крымінальнага кодэкса «Махлярства». 

Чытайце таксама:

Амаль паўмільёна рублёў забраў кур’ер тэлефонных махляроў, пагражаючы ахвяры вобшукам

Беларуска мела 700 грамаў золата, да яе прыйшлі махляры з «праверкай»

Гомельскую пенсіянерку ўратавала ад махляроў толькі няўменне захоўваць таямніцу

Каментары да артыкула