БЕЛ Ł РУС

Пракуратура паказала інтэр'еры калоніі, у якой трымаюць Алеся Бяляцкага

18.02.2025 / 10:41

Nashaniva.com

Пракуратура дала справаздачу пра працоўную паездку пракурора Магілёўскай вобласці Валерыя Куліковіча ў Горацкі раён, дзе ён «вывучыў умовы адбыцця пакарання ў ПК №9». Гэта калонія, дзе знаходзіцца палітвязень, праваабаронца і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. 

Алесь Бяляцкі

Паводле прэс-службы, пракурор правёў у калоніі асабісты прыём — да яго звярнуліся тры асуджаныя. Пытанні тычыліся прымянення ліпеньскай амністыі 2024 года «ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Пракурор вобласці «растлумачыў ім адсутнасць падстаў для прымянення амністыі».

Акрамя таго, піша прэс-служба, Валерый Куліковіч азнаёміўся з умовамі адбыцця пакарання ў калоніі, арганізацыяй харчавання, бытавым і медыцынскім забеспячэннем асуджаных.

Пракуратура апублікавала два здымкі, на якіх можна пабачыць інтэр'еры памяшканняў калоніі, дзе адбывае пакаранне палітвязень Алесь Бяляцкі. 

Алесь Бяляцкі — кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтра «Вясна». Быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. Выстаўленыя абвінавачванні: арт. 228 Крымінальнага кодэкса — кантрабанда; ч. 2 арт. 342 КК — фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска суддзя Марына Запаснік прызначыла Бяляцкаму 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула