БЕЛ Ł РУС

У Брэсце ратавальнікі выцягнулі мужчыну з Мухаўца. Перад гэтым ён дзіўна сябе паводзіў

14.02.2025 / 19:34

Nashaniva.com

Супрацоўнікі МНС паведамілі пра тое, што выратавалі мужчыну, які апынуўся ў сцюдзёнай вадзе Мухаўца. Але перад тым яго бачылі некаторыя мясцовыя жыхары, і паводзіны чалавека здзіўлялі, піша BG.Media.

Зімовы Мухавец. Фота ілюстрацыйнае

Паведамленне пра здарэнне на Мухаўцы паступіла ў Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС 13 лютага ў 20.07. На месца аператыўна прыбылі ратавальнікі, якія пабачылі ў вадзе 37-гадовага мужчыну.

«У халоднай вадзе на адлегласці каля 50 м ад берага знаходзіўся знясілены мужчына, ён меў патрэбу ў дапамозе», — расказвае адзін з выратавальнікаў.

Да мужчыны падплылі на выратавальнай дошцы, дапамаглі яму выбрацца на бераг і перадалі медыкам. З папярэднім дыягназам «агульнае пераахаладжэнне арганізма» яго адвезлі ў бальніцу.

Перад гэтым інцыдэнтам мужчына паводзіў сябе вельмі дзіўна. Відавочцы сцвярджаюць, што ён нібыта спачатку залез на чужы балкон аднаго з дамоў, скакаў паміж кватэрамі, а затым, магчыма, саскочыў і пабег у бок ЦУМа.

У сацыяльных сетках з'явіліся паведамленні, што ў раёне ЦУМа ён бегаў без верхняга адзення, кідаўся пад машыны і нават спрабаваў адкрыць дзверы аўтамабіляў.

«А ў якім я была шоку, калі ён пад машыну кінуўся, а потым аббег яе наўкола і паспрабаваў адкрыць заднія дзверы», — піша ў сацсетках жыхарка Брэста.

Што менавіта стала прычынай такіх паводзін, пакуль невядома.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула