БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка: Не трэба ўвесь час абапірацца на аднаго чалавека. Чалавек не вечны

10.02.2025 / 13:04

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі рэлігійных арганізацый зноў загаварыў пра вечнае, а таксама ўзгадаў пандэмію і канспіралогію.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Ali Cura Anadolu via Getty Images

Лукашэнка, разважаючы аб пандэміі каранавіруса, зноў прымерыў касцюм канспіролага. Ён заявіў, што ў 2019—2020 гадах не змог дагрукацца да цэркваў і беларусаў. Праўда, яго тлумачэнні выйшлі блытанымі і туманнымі.

«Як бы я ні імкнуўся да вас дагрукацца і да сваіх людзей, я шчыра прызнаю, што не ўсе зразумелі тое, што адбываецца. Царква наша, любых канфесій, не адмаўляе [думку, што] час усё расставіць на свае месцы. Час расставіў усё на свае месцы.

І зараз мы зразумелі, хто фінансаваў, колькі вылучалі на гэтую заразу, адкуль яна пайшла, колькі загінула людзей. І прызналі, што адзіна правільны быў шлях, які выбралі мы з вамі», — сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, нядаўна было падлічана, што «адзіна правільны» шлях барацьбы з пандэміяй у Беларусі, а дакладней яе ігнараванне, забраў 90 тысячаў жыццяў.

Затым Лукашэнка загаварыў аб нейкіх ахвяраваннях, якія дапамаглі «перавярнуць краіну». 

«Ну не атрымалася ў мяне дагрукацца да вас. І гэта адна з прычын, хай не самая галоўная, якою скарысталіся нашы праціўнікі, асобныя ворагі для таго, каб перакуліць краіну.

Мы таксама ўжо пра гэта ведаем, колькі на гэта і каму было ахвяравана грошай. Слухайце, калі б на справу пайшлі гэтыя грошы, мы б сёння не абмяркоўвалі ніякія праблемы нашых канфесій. Мы б і цэнтры пабудавалі для іх, і з наркаманіяй дапамагалі вам больш змагацца, шматдзетным дапамагаць і так далей і так далей», — выказаў меркаванне Лукашэнка.

Пасля гэтага палітык, які нядаўна пераназначыўся на сёмы тэрмін, узгадаў пра тое, што любы чалавек не вечны.

«Мы прызнаем і свае памылкі, якія мы дапусцілі. І вы павінны пагадзіцца з тым, што разам з намі недапрацавалі дзесьці. Не захаваўся гэты свет на той час. Але над памылкамі папрацавалі, і сёння вынік: і грамадства, і народ з намі, і яны пацвердзілі гэта.

Ну а каб рухацца далей, не трэба ўвесь час абапірацца на аднаго чалавека. Таму што далей будзе складаней. Чалавек не вечны. Трэба, каб мы ўсе разам працавалі. А для таго, каб было нармальна, павінна быць дысцыпліна», — рэзюмаваў Лукашэнка.

Ён запатрабаваў ад рэлігійных арганізацый жорсткай дысцыпліны, як у аграрным комплексе ці машынабудаванні. 

Чытайце таксама:

Расія лічыць падпарадкаванне Беларусі сваім найбольшым знешнеэканамічным поспехам — звесткі з закрытага даклада

Лукашэнка прапанаваў стварыць у Беларусі «цэнтры прыцягнення» для ўсіх канфесій

Шарэнда-Панасюк: Патрэбная жорсткая эканамічная блакада рэжыму Лукашэнкі. Толькі ціск і санкцыі

Каментары да артыкула