БЕЛ Ł РУС

«У XX стагоддзі ўжо быў вопыт». МЗС Беларусі параўнаў беларусаў і расіян у Латвіі з яўрэямі ў Трэцім Рэйху

7.02.2025 / 18:19

Nashaniva.com

Прэс-служба Міністэрства замежных спраў вырашыла пракаментаваць законапраект аб забароне грамадзянам Беларусі і Расіі купляць нерухомасць у Латвіі.

Напярэдадні дэпутаты латвійскага Сейма падтрымалі разгляд законапраекта, які забараняе грамадзянам Беларусі і Расіі, а таксама юрыдычным асобам з гэтых краін, купляць нерухомасць у Латвіі.

Гэты законапраект вырашылі пракаментаваць у беларускім МЗС. Канал «Глас МИДа», звязаны з прэс-службай ведамства, правёў гістарычную паралель са становішчам яўрэяў у нацысцкай Германіі.

«Неарыгінальна. У XX стагоддзі ў Еўропе ўжо быў вопыт забароны людзям па нацыянальнай прыкмеце валодаць нерухомасцю, а яшчэ наведваць універсітэты, тэатры і кінатэатры, грамадскія паркі, лазні і басейны, купляць газеты, ездзіць у грамадскім транспарце. Вельмі шырокі спіс. Мы добра памятаем, чым усё гэта скончылася.

Ці ўсведамляюць латвійскія палітыкі, на які шлях яны штурхаюць сваю краіну? Ці згодныя разважныя жыхары Латвіі з гэтым выбарам?» — гаворыцца ў паведамленні.

МЗС прапанаваў беларусам вяртацца на радзіму і купляць кватэры там. 

Варта адзначыць, што гістарычная паралель, праведзеная МЗС — маніпуляцыйная, паколькі ў нацысцкай Германіі, на якую лукашэнкаўскія чыноўнікі намякаюць, абмежаванні былі накіраваныя не супраць іншаземцаў, а перадусім супраць паўнавартасных грамадзян Германіі яўрэйскага паходжання. Абмежаванні ж, якія збіраецца ўвесці Латвія, робяцца не паводле этнічнай прыналежнасці, а паводле грамадзянства.

Такія абмежаванні існуюць у многіх краінах сучаснага свету, калі па тых ці іншых прычынах мясцовыя ўлады лічаць, што набыццё нерухомасці на іхняй тэраторыі грамадзянамі іншых краін складае пагрозу нацыянальнай бяспецы.

І няма нічога дзіўнага, што пры сучаснай палітыцы пуцінскай Расіі і лукашэнкаўскай Беларусі, калі на практыцы шырока прымяняецца тактыка «гібрыднай вайны», у Латвіі і іншых падобных краінах бачаць такую патэнцыйную пагрозу з боку расійскіх і беларускіх грамадзян.

Законапраект пакуль не прыняты, яго павінен разгледзець Юрыдычны камітэт Сейма Латвіі. Закон не будзе распаўсюджвацца на грамадзян Расіі, у якіх на момант яго прыняцця будзе дзеючы пастаянны дазвол на жыхарства ў Латвіі і статус пастаяннага рэзідэнта ЕС.

Чытайце таксама:

Краіны Балтыі ў суботу адключаюцца ад энергасістэмаў Расіі і Беларусі. Што трэба ведаць?

Беларускія памежнікі знайшлі цела мігранта каля агароджы з Латвіяй

Жыхарка Латвіі ехала праз мяжу з аб'ёмнай дублёнкай. У мытнікаў закраліся падазрэнні

Каментары да артыкула