БЕЛ Ł РУС

У Лонданскім заапарку нарадзіліся 33 рэдкія жабяняткі — іх вынасілі таты

3.02.2025 / 14:27

Nashaniva.com

У Лонданскім заапарку нарадзіліся 33 жабяняткі, чый від рэзка скараціўся праз грыбок і разбурэнне асяроддзя пражывання, піша Радыё Свабода.

Рынадэрма Дарвіна — вадзяная жаба, якую адкрыў вядомы натураліст Чарльз Дарвін, — у прыродзе жыве толькі на поўдні Чылі і Аргенціны і адрозніваецца ад іншых відаў жаб спосабам размнажэння. Пасля апладнення самцы збіраюць ікрынкі ў рот і выношваюць іх да з'яўлення жабянятаў, пасля чаго выпускаюць нашчадкаў на волю.

У 2023 годзе высветлілася, што колькасць рынадэрмы Дарвіна скарацілася на 90% праз грыбок, які лічыцца самым смяротным для земнаводных. За апошнія трыццаць гадоў грыбок распаўсюдзіўся па ўсім свеце, знішчыўшы не менш за 90 відаў і закрануўшы сотні іншых. Заразіўшыся, жабы паміраюць на працягу некалькіх тыдняў.

Навукоўцы паспяшаліся ў Чылійскі нацыянальны парк, каб выратаваць жаб.

У кастрычніку 2024 года ім удалося злавіць 55 рынадэрм, у тым ліку дзякуючы мясцовым гідам, якія па-майстэрску імітавалі галасы жаб. Дзве аказаліся ўжо заражаныя, астатніх перавезлі ў Лонданскі заапарк, у абсталяванае памяшканне з імітацыяй натуральнага асяроддзя пражывання.

Некалькі самцоў былі да таго моманту цяжарныя і праз тры месяцы выплюнулі жабянят. У заапарку спадзяюцца размножваць рынадэрм і знайсці лекі ад грыбку, што дазволіць вярнуць жаб дадому. Фільм пра выратаванне рынадэрм Дарвіна пакажуць на ютубе сёння, 3 лютага.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула