БЕЛ Ł РУС

Расійская «Медуза» запусціла рэкламу, у якой выкарыстала відэа з пацярпелымі ад вайны ўкраінцамі. Выбухнуў скандал

1.02.2025 / 23:47

Nashaniva.com

Расійскае выданне «Медуза», штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Рызе, запусціла рэкламную кампанію, у якой выкарыстоўваюцца рэальныя кадры вайны ва Украіне. Рэкламу для выдання бясплатна распрацавала нямецкае крэатыўнае агенцтва Lure. Але яе змест выклікаў абурэнне ў тым ліку і на палітычным узроўні, піша «Украінская праўда».

Постары з рэкламай «Медузы» ў Берліне

Як піша выданне «Детектор Медіа», спачатку пра рэкламную кампанію «Медузы» паведаміла сяброўка ўкраінскай грамадскай арганізацыі «Віче Берлін» Вікторыя Фешак. Па яе словах, яна ўбачыла гэты ролік у Берлінскім кінатэатры перад сеансам. Відэа ўтрымлівала шакавальныя кадры вайны ва Украіне, у прыватнасці момант пахавання жонкі і дачок Яраслава Базылевіча, які страціў сям'ю праз расійскую атаку на Львоў.

Украінец Яраслаў Базылевіч у рэкламе «Медузы»

У «Віче Берлін» рэзка асудзілі такую рэкламу, абвінаваціўшы агенцтва ў маніпуляцыях і спробе выставіць расіян ахвярамі вайны. Там таксама заклікалі спыніць паказ гэтай рэкламы ў еўрапейскіх гарадах.

МЗС Украіны выступіў супраць гэтай рэкламы ў пасце ў сацсетцы X:

«Асаблівую «ўзнагароду» за маркетынгавы цынізм і крывадушнасць варта аддаць агенцтву Lure з Берліна. Яны паказалі ўкраінцаў, якія страцілі сем'і і дамы, у рэкламным роліку для расійскага выдання «Медуза».

У сваю чаргу прэс-сакратар міністэрства Георгій Ціхі заклікаў выданне «неадкладна выдаліць увесь рэкламны кантэнт, які эксплуатуе ўкраінскія пакуты, выкліканыя расійскім тэрорам», з усіх медыяплатформаў, дзе ён з'явіўся.

Да крытыкі «Медуза» прыслухалася: старонка рэкламнай кампаніі, на якой было размешчана відэа з украінцамі, перастала загружацца.

Чытайце таксама:

Алексіевіч: Я не думаю, што ёсць хоць адзін чалавек, які сапраўды разумее, што адбываецца ва Украіне

Расійскі настаўнік на працягу двух гадоў таемна зняў дакументальны фільм аб прапагандзе ў школе

Адміністрацыя Трампа хоча, каб ва Украіне сёлета прайшлі выбары

Каментары да артыкула