БЕЛ Ł РУС

Беларусцы па пашпарце 120 гадоў. Але ў кнігу Гінеса яе не запішуць — і вось чаму

28.01.2025 / 14:25

Nashaniva.com

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка днямі заявіў, што самай пажылой выбаршчыцы, унесенай у спісы для галасавання, споўнілася 120 гадоў. Такая некрытычнасць да лічбаў — традыцыйная хіба беларускай ЦВК, але «Мінск-Навіны» выправілі Карпенку. 

Марыя Канановіч — самая пажылая жыхарка Беларусі па пашпарце (у ім стаіць дата 27 мая 1904 года), якая жыве ў вёсцы Лістапады Валожынскага раёна, што за 90 км ад сталіцы.

Жыве жанчына адна.

— Адзін мой сын памёр, калі я яшчэ была маладой. Другі пайшоў з жыцця 13 гадоў таму. Я моцна перажывала. Ды і цяпер успамінаю яго, — расказвае доўгажыхарка. — Я нават у бальніцу не езджу. Раней, бывала, пакладуць у Валожыне, розныя болькі былі. А зараз куды мне ўжо лячыцца… Мне і дома добра. Адчуваю, што мне не так доўга засталося. Усе сышлі, а я ўсё тут. 

На пытанне, у чым сакрэт даўгалецця, жанчына адказвае, што ніколі ні з кім не сварылася, заўсёды старалася згладжваць вуглы, дзе трэба — саступаць.

— Я не канфліктны чалавек. Гэта зараз людзі закіпаюць з любой нагоды, гатовыя адзін аднаго пабіць па дробязях. Трэба ўмець прабачаць і быць цярплівым, — дае параду жанчына.

Кніга рэкордаў Гінеса праігнаравала пажылую беларуску, якой, калі верыць пашпартным звесткам, 27 мая можа споўніцца 121 год, хаця бразільянка Іна Канабара Лукас нібыта адстае ад Марыі на тры з паловай гады.

У свой час так «пацярпела» Ганна Барысевіч, таксама прадстаўніца Міншчыны, якая па беларускім пашпарце пражыла амаль 119 гадоў.

Стваральнікі Кнігі рэкордаў Гінеса запэўніваюць, што савецкім дакументам давяраць нельга. 

Намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Ігар Шакун таксама перакананы, што ўзрост Марыі Вікенцьеўны быў завышаны менавіта ў часы Савецкага Саюза. 

— Яна жыла на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пасля ўз'яднання — у 1939-м, калі гэтая тэрыторыя ўвайшла ў склад СССР, мясцовыя чыноўнікі запісвалі ўзрост са слоў грамадзян, паколькі адпаведных дакументаў не было. Многія прыпісвалі сабе лішнія гады, бо гэта ўплывала на тэрмін выхаду на пенсію. Хутчэй за ўсё не стала выключэннем і наша гераіня.

Чыноўнік кажа, што на помніку, які жанчына заказала свайму памерламу сыну, а заадно і сабе, яна ўпісала і свой год нараджэння — 1924-ы (а не 1904-ы).

— Гэта больш падобна на рэальны час яе з'яўлення на свет, — дадае ён. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула