БЕЛ Ł РУС

Стрыжак: «Байсол» штогод атрымлівае ахвяраванні ад 25 тысяч чалавек

26.01.2025 / 20:12

Nashaniva.com

За данаты гэтаму фонду салідарнасці рэжым пераследуе людзей.

Фонд салідарнасці «Байсол» штогод атрымлівае ахвяраванні ад 25 тысяч чалавек, паведаміў 26 студзеня кіраўнік арганізацыі Андрэй Стрыжак на форуме «Беларусы годныя лепшага», які праходзіць у Варшаве, піша «Позірк».

«Рабіце гэта, рабіце больш, таму што гэта і ёсць аснова нашай устойлівасці, гэта і ёсць аснова нашай будучыні. Праз салідарнасць мы даказваем, што нам не ўсё роўна, што кожны з нас мае значэнне. У гэтым ёсць розніца паміж дзяржавай і намі», — сказаў Стрыжак.

27 снежня 2024 года фонд паведаміў, што ў мінулым годзе ім быў адкрыты 251 персанальны збор.

«Нам разам удалося сабраць 619 363 еўра на дапамогу людзям. Усе гэтыя грошы патрапілі адрасатам. Фонд не бярэ ніякіх правізій або працэнта ад дапамогі на зборах», — падкрэслівалася ў публікацыі.

Фонд дзейнічае з 2020 года. Акрамя збору ахвяраванняў для пацярпелых ад рэпрэсій і добраахвотнікаў ва Украіне, займаецца эвакуацыяй беларусаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, дапамагае палітвязням і іх сем'ям, а таксама вызваленым у адаптацыі ў новай краіне. Прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». У дачыненні да сузаснавальніка фону Андрэя Стрыжака і ягонага паплечніка, кіраўніка фонду «Байхэлп» Аляксея Лявончыка ў Беларусі распачатыя некалькі крымінальных спраў, вядзецца спецвытворчасць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула