БЕЛ Ł РУС

У Латвіі хочуць забараніць беларусам набываць нерухомасць

21.01.2025 / 19:57

Nashaniva.com

Парламенцкая фракцыя партыйнага аб'яднання «Новае адзінства», да якога належыць і прэм'ер-міністарка краіны Эвіка Сіліня, падала на разгляд у Сейм законапраект, які абмяжоўвае здзелкі, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы, піша Delfi.lv. Сярод іншага гэты праект закранае і інтарэсы беларусаў.

Рыга. Фота: freepik.com

Законапраект прадугледжвае ўвядзенне забароны на набыццё нерухомасці ў Латвіі грамадзянам Расіі і Беларусі, а таксама юрыдычным асобам, якія знаходзяцца ў валоданні такіх грамадзян.

Мэтай законапраекта заяўлена недапушчэнне шкоднай і небяспечнай з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў дзейнасці, а таксама супрацьстаянне абыходжанню санкцый.

Законапраект тычыцца як непасрэдна грамадзян Расіі і Беларусі, так і юрыдычных утварэнняў, створаных у гэтых краінах, а таксама тых, чые рэальныя бенефіцыяры — іх грамадзяне.

Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на тых асоб, якія атрымалі статус пастаяннага жыхара Еўрапейскага саюза або дазвол на пастаяннае знаходжанне ў Латвіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона «Аб іміграцыі».

Законапраект быў распрацаваны ў супрацоўніцтве з Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам замежных спраў.

«Ва ўмовах гібрыднай вайны, каб абараніць дэмакратычную прававую дзяржаву і ўмацаваць бяспеку нашай краіны, неабходна ўключыць у прававое рэгуляванне патрэбныя інструменты. Мы дзейнічаем прэвентыўна, каб выключыць любыя магчымасці ўмяшання Расіі і Беларусі ў нашы ўнутраныя справы», — патлумачыла парламенцкая сакратарка Міністэрства юстыцыі Лаума Паэгкална.

Чытайце таксама:

У Латвіі беларусам хочуць забараніць працаваць у кіраванні крытычнай інфраструктурай

У Латвіі хочуць абавязаць беларусаў дэклараваць на мяжы мэту наведвання краіны

Трыумф Латвіі: анімацыйны фільм пра ката выявіўся лепшым нават за мульцік ад Pixar, самы касавы ў гісторыі

Беларуса не пусцілі ў Латвію «па меркаваннях бяспекі»

Каментары да артыкула