Паўднёвакарэйская разведка сцвярджае, што ва Украіне загінулі 300 вайскоўцаў з КНДР
Паўднёвакарэйская разведка заяўляе, што ў Курскай вобласці загінулі каля 300 ваенных КНДР. Яшчэ 2700 атрымалі раненні, піша Yonhap са спасылкай на ведамства.
Ілюстрацыйнае фота
Разведка лічыць, што паўночнакарэйскія ваенныя нясуць «масавыя страты» з-за таго, што «не разумеюць сучасных метадаў вядзення вайны».
У снежні 2024 года Нацыянальная разведвальная служба Рэспублікі Карэя заяўляла, што ў Курскай вобласці загінулі 100 ваенных з КНДР, а тысяча салдат былі паранены.
9 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што КНДР страціла чатыры тысячы ваенных забітымі і параненымі.
11 студзеня ён апублікаваў фатаграфіі двух паўночнакарэйцаў, якіх байцы УСУ ўзялі ў палон у Курскай вобласці. Паводле звестак паўднёвакарэйскай разведкі, яны служылі ў Галоўным упраўленні разведкі КНДР.
Зяленскі паведаміў, што Украіна гатова перадаць палонных паўночнакарэйскіх салдат Кім Чэн Ыну, калі ён арганізуе іх абмен на ўкраінскіх ваенных, якія знаходзяцца ў расійскім палоне.
Прэзідэнт Украіны апублікаваў відэа з допытам палонных з КНДР. Адзін з іх на пытанне пра тое, ці ведае ён, што ваюе супраць Украіны, адказвае, што камандзіры казалі ім пра вучэнні. Другі салдат кажа, што ягоныя сваякі не ведаюць, дзе ён знаходзіцца.
Чытайце таксама:
УСУ ўпершыню ўзялі ў палон салдат з КНДР
СБУ расказала, што стала вядома з допытаў узятых у палон паўночнакарэйскіх вайскоўцаў
Вайсковы білет, знойдзены ў палоннага паўночнакарэйца, выпісаны на рэальнага тувінца