БЕЛ Ł РУС

Трамп: Адзіны спосаб спыніць вайну — не пакідаць Украіну

12.12.2024 / 19:14

Nashaniva.com

Новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп запэўніў, што ў сваіх спробах урэгуляваць расійска-ўкраінскую вайну ён не адмовіцца ад Украіны. Як піша «Еўрапейская праўда», пра гэта паведамляе Time у публікацыі, прысвечанай прызнанню Трампа Чалавекам года.

Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Alex Brandon

Дональд Трамп даў 65-хвіліннае інтэрв'ю, вытрымкі якога прыводзіць Time 12 снежня, у канцы лістапада. Адказваючы на пытанне аб тым, ці адмовіцца ён ад Украіны, Трамп сказаў, што выкарыстоўвае падтрымку Украіны з боку ЗША як рычаг ціску на Расію ў перамовах аб спыненні вайны.

«Я хачу дасягнуць пагаднення, — сказаў ён, — і адзіны спосаб дасягнуць пагаднення — гэта не пакідаць Украіну», — запэўніў абраны прэзідэнт ЗША.

Выданне нагадвае, што падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп даваў абяцанні, што яму, маўляў, удасца заключыць мірнае пагадненне паміж Расіяй і Украінай за 24 гадзіны. Цяпер ён прызнаў, што гэта справа куды складанейшая.

«Блізкі Усход — праблема, з якой лягчэй справіцца, чым тое, што адбываецца з Расіяй і Украінай. Колькасць загінулых маладых салдат, якія ляжаць на палях паўсюль, ашаламляе. Тое, што адбываецца — вар'яцтва», — заявіў Трамп.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў, што не ўспрымае даслоўна перадвыбарчае абяцанне Дональда Трампа скончыць вайну ва Украіне «за 24 гадзіны».

Чытайце таксама:

Часопіс Time абвясціў Трампа Чалавекам года

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю

Пуцін і Орбан па тэлефоне абмеркавалі сітуацыю ва Украіне

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы

Зяленскі: Мы з Трампам гаварылі пра замарозку вайны

Трамп ацаніў страты Расіі ў 600 тысяч забітых і параненых і заклікаў Пуціна «спыніць вар’яцтва»

Каментары да артыкула