БЕЛ Ł РУС

Расійскія настаўнікі на загад беларуса спалілі джынсы, партрэты нобелеўскіх лаўрэатаў і дыскі з Windows

11.12.2024 / 19:46

Nashaniva.com

Беларускі акцыяніст Уладзіслаў Бохан даручыў расійскім настаўнікам правесці чарговую «патрыятычную акцыю». Тыя падключылі да яе і дзяцей.

Бохан ад імя «Адзінай Расіі» разаслаў у школы Тульскай і Варонежскай абласцей распараджэнне правесці патрыятычную акцыю «Наш палымяны адказ».

Сутнасць акцыі — у спаленні атрыбутаў заходняй культуры. Бохан даручыў настаўнікам спаліць кнігі аўтараў з недружалюбных краін, джынсы, старую заходнюю бытавую тэхніку, дыскі заходніх выканаўцаў і іншыя рэчы, якія сімвалізуюць «дэградуючую заходнюю культуру».

@nnmediareport Ну теперь заживем #нато #шапочка #шапочкаизфольги #облучение #учитель #учителя ♬ Naughty, evil, dubious and comical songs(1264665) - MATSU

Настаўнікі павінны былі такім чынам прадэманстраваць патрыятызм, прыхільнасць да традыцыйных каштоўнасцяў, ачышчэнне ад уплыву недружалюбных дзяржаў, а таксама выказаць падтрымку спеваку Шаману, які трапіў пад санкцыі.

Справаздачы даслалі педагогі з як мінімум дзвюх устаноў. Так, настаўнікі Архангельскай школы ў Варонежскай вобласці, насуперак тэхзаданню, прыцягнулі да акцыі дзяцей. Прадстаўнікі школы паведамілі, што ўдзельнікі спалілі цацкі і кнігі з недружалюбных краін. 

Мяркуючы па фота, настаўнікі палічылі небяспечнымі для рускай культуры кнігі пра «Караля льва», падушкі з прынцэсай Жасмін з «Аладзіна» і розныя мяккія цацкі, у тым ліку Хагі-Вагі. А ў сметніцу адправіліся скрынкі з-пад друкарак і клавіятур. Сапраўды дзеці спалілі ўсе гэтыя рэчы ці проста зладзілі фотасесію для справаздачы, незразумела. 

Лепш выканалі заданне педагогі з цэнтра адукацыі ў Красным Яры Тульскай вобласці. Яны раздрукавалі чорна-белыя партрэты нобелеўскіх лаўрэатаў і ўладальнікаў «Грэмі» і спалілі іх. Таксама ў вогнішча адправіліся джынсы, дыскі з Windows, скрынкі ад фотаапаратаў.

У Гаварэнкаўскай школе Тульскай вобласці ўдзельнічаць у акцыі не сталі, патлумачыўшы ўсё дрэнным надвор'ем. А ў яшчэ адной школе ўсё ж вырашылі загугліць адрас пошты і зразумелі, што гэта пранк.

Бохан падобным чынам прымушаў расійскіх настаўнікаў надзяваць шапачкі з фольгі для выратавання ад НАТА, складаць спісы школьнікаў для адпраўкі ў лагеры на перавыхаванне, ладзіць працэсіі з выявамі Сцяпана Бандэры і Святланы Сняжко, праводзіць патрыятычныя акцыі пад лозунгам «Один народ, одна нация, один праVитель» у рамках праграмы «Праца вызваляе» ад «Адзінай Расіі».

Свае акцыі Бохан называе даследаваннем праяў фашызму ў сучаснай Расіі, якія ўключаюць безумоўнае падпарадкаванне начальству і выкананне дзеянняў дзеля дзеянняў.

Чытайце таксама:

Расійскія чыноўнікі пахвалілі настаўнікаў, якія на загад беларуса надзелі шапачкі з фольгі

Па загадзе беларуса ў расійскіх школах выраблялі шапачкі з фольгі для абароны ад НАТА

Пранкер Бохан правёў новы розыгрыш, які беларускія настаўнікі дастойна вытрымалі. У адрозненне ад расійскіх

У Расіі вядомы беларускі пранкер запатрабаваў правесці хросны ход з іконамі Бандэры

Каментары да артыкула