Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем
Пятровіч апублікаваў фота, на якім ён з прыяцелем нясе скрынку ад тэлевізара. Гэты здымак раптам стаў пачаткам вялікай гісторыі.
Пенсіянер Пятровіч з Віцебска стаў зоркай тыктоку, проста паказваючы свае архіўныя фатаграфіі і распавядаючы гісторыі пра сяброў. Пачалося ўсё з фатаграфіі, на якой Пятровіч і яго сябар нясуць скрынку з новым 65-цалевым тэлевізарам, піша Onliner.
«Глядзіце, сябры, я тут купляў тэлевізар, і дапамагае мне яго цягнуць вядомы чалавек у Віцебску Віктар па мянушцы Цюка — вядомы хлопец у Віцебску, праўда, даўно ў Германіі жыве. Хто яго ведае? Цікаўныя водгукі», — казаў голас за кадрам.
Ролік з гэтай фатаграфіяй раптам завірусіўся ў тыктоку, сабраўшы 1,8 мільёна праглядаў. А яшчэ ён ператварыў Віцю Цюка з Германіі ў мем.
Каментатары пачалі масава ствараць акаўнты ад асобы таго самага Віцькі Цюка, тэлевізара, самаката і іншых персанажаў з фатаграфій дзядулі і пакідаць паведамленні ад іх асобы. Персанажы цяпер ладзяць дыялогі ў каментарах пад усімі відэа Пятровіча.
Пятровіч працягваў здымаць ролікі, і яго сусвет разрастаўся. У каментары пад відэа пра самакат «Брытанец» нават прыйшоў вядомы расійскі акцёр Сяргей Буруноў, які, як аказалася, таксама ведае Пятровіча і сочыць за яго творчасцю.
Літаральна за тыдзень Пятровіч стаў зоркай: яго пазнаюць на вуліцах роднага Віцебска, а сам ён цяпер ездзіць на машыне з налепкай «Пятровіч TV», выкладвае па два-тры ролікі ў дзень і рэгулярна праводзіць стрымы.
У адным з апошніх ролікаў мужчына паведаміў, што той самы Віцька Цюка таксама ў курсе сваёй раптоўнай славы і ўпершыню за шмат гадоў збіраецца прыехаць да яго ў госці з Германіі на Новы год. Радасці каментатараў не было мяжы.
«Нарэшце галоўныя героі сагі Пятровіча збяруцца разам», — пішуць гледачы.