Лукашэнка: Ніякі Асад не дыктатар. Ён лячыў людзей, ніколі нікога не забіваў
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на заводзе ў Барысаве, ацаніў зрынутага Башара Асада, піша ягоная прэс-служба.
Аляксандр Лукашэнка і Башар Асад. Фота: прэс-служба Лукашэнкі
Лукашэнка заявіў, што Асада зрынуў не народ, як пра гэта сказаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
На думку Лукашэнкі, былы сірыйскі лідар, якога праваабаронцы абвінавачваюць у шматлікіх ваенных злачынствах, дыктатарам не быў і нікога не забіваў.
«Вось, дыктатура, Асада прыбралі і ўсё, там народ… Які народ? Бедныя, жабракі. Ператварылі краіну… Увогуле знішчылі. Які Башар Асад дыктатар? Доктар па прафесіі, я яго ведаю даўно. У нас добрыя былі чалавечыя адносіны. Ніякі ён не дыктатар. Ён лячыў людзей як доктар. Ён ніколі нікога не забіваў», — заявіў Лукашэнка.
На ягоную думку, Асада спецыяльна дэманізуюць, як і яго самога.
«Не, гэты Байдэн, чую, пачынае бразгаць. Яго ўжо ніхто і не слухае. Балазе, што Трамп, які б ні быў экстравагантны, ён заявіў: «Не лезьце туды, не наша справа». Амерыканцам кажа. Гэта годна. Трэба разабрацца. Але гэта казка — «Не лезьце туды!» Яны ўжо даўно там улезлі. Амерыканцам да ўсяго ёсць справа.
Таму вы бачыце, як гэта ўсё разгортваецца, як дэманізуюць кіраўнікоў дзяржаў. Мне гэта знаёма. У вас жа таксама «дыктатар» кіруе краінай», — адзначыў Лукашэнка.
Асада ён паставіў у адзін шэраг з іншымі сваімі аднадумцамі: дыктатарамі Садамам Хусейнам, Муамарам Кадафі і Фідэлем Кастра.
«Як яны [на Захадзе] толькі іх не паласкалі. І дыктатары, і варвары, і народ забіваюць і ядуць. Што толькі ні казалі. Таму што яны з імі нічога не маглі зрабіць. Я іх добра ведаў. Гэта былі моцныя людзі. Яны стаялі за свой народ, за сваю дзяржаву», — выказаў меркаванне Лукашэнка.
Праваабаронцы абвінавачваюць Башара Асада ў стварэнні жорсткага рэпрэсіўнага рэжыму, пераследзе палітычных апанентаў, катаваннях і палітычных забойствах. Акрамя таго, ёсць сведчанні пра ваенныя злачынствы арміі Асада падчас грамадзянскай вайны.