БЕЛ Ł РУС

У Мінску і Гродне можна ўзяць жывую ялінку на святы ў арэнду. Колькі гэта каштуе?

10.12.2024 / 17:48

Nashaniva.com

Такі сэрвіс працуе ў Беларусі не першы год. Можна ўзяць у арэнду жывую ялінку ў кадцы, а пасля святаў дрэва забяруць і будуць клапаціцца пра яго.

Скрыншот фота ў інстаграме eco_elochka

Стартам праекта «ЭкаЯлінка» можна лічыць 2019 год. Тады сям’я з Гродна прыдумала, як рацыянальна выкарыстоўваць зямлю ў вёсцы Каробчыцы. Муж і жонка раней тлумачылі ў інтэрв’ю «Анлайнеру», што з аднаго боку надзелу была дарога, з іншага — аэраклуб, таму вырошчваць нейкую садавіну ці гародніну было б не вельмі экалагічным рашэннем.

Яны высадзілі каля 1000 ялінак з думкамі пра тое, што гадоў праз 7-8 іх можна будзе ссекчы перад Новым годам і прадаць. Але сябры пары столькі чакаць былі не гатовыя: бясконца пыталіся, калі ж будуць ялінкі. Ссекчы маленькія дрэвы рука не паднялася, таму муж з жонкай вырашылі, што можна было б прапаноўваць святочныя дрэвы ў кадках.

Яшчэ адным вынікам сямейнага мазгавога штурму стала рацыянальная думка, што шмат людзей, якія набываюць ялінкі ў кадцы, потым не ведаюць, што з імі рабіць. Проста аднесці на сметнік — шкада, пасадзіць дзесьці дрэва не ўсе маюць месца, ды і як гэта зрабіць, не кожны ведае.

Таму сям’я вырашыла зрабіць сэрвіс пракату ялінак. Першыя дрэвы далі сябрам, потым апублікавалі пост на асабістай старонцы ў інстаграме — і ашалелі ад колькасці замоў.

Пасля першага эксперыментальнага году выжыла каля 80% ялінак, якія вярнуліся да гаспадароў ад арандатараў. Цяпер сям’я нават запусціла сэрвіс, які дазваляе адсачыць лёс ялінкі, якую вы ўжо арандавалі раней. І калі дрэва, якое вы замаўлялі летась, выжыла сёлета, вам яго здадуць у арэнду са зніжкай.

Сэрвіс працуе толькі ў Мінску і Гродне.

У гэтым годзе ў асартыменце з’явіліся нават інстаграмныя піхты Нордмана. Каштуюць ялінкі ад 50 да 220 рублёў, сосны — 60-90 рублёў, піхты Нордмана — 190-220 рублёў.

Развозіць іх будуць бліжэй да святаў. А пакуль у акаўнце праекта паказваюць, як акуратна выкопваюць дрэвы і перамяшчаюць у кадкі — на кожную ялінку ідзе каля паўгадзіны.

Чытайце таксама:

У Румыніі ўпала самая вялікая елка

Як зрабіць так, каб ваша ялінка была ярчэйшая, чым у суседа

Дзе ў Еўропе навагоднія елкі прэтэндуюць на званне самай высокай?

Каля Нацыянальнай бібліятэкі адкрыюць бясплатную навагоднюю карусель

Каментары да артыкула