БЕЛ Ł РУС

Прапаганда казала, што Польшча зайздросціць Беларусі, бо ў яе няма касманаўта. Хутка будзе, і гэта сапраўдны навуковец

8.12.2024 / 16:46

Nashaniva.com

Вясной 2025 года ў місію на МКС адправіцца доктар навук Славаш Узнаньскі.

Славаш Узнаньскі. Фота: polsa.gov.pl

Місія Славаша Узнаньскага на Міжнародную касмічную станцыю атрымае назву IGNIS, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «агонь». Першы касманаўт у гісторыі посткамуністычнай Польшчы адправіцца на МКС не раней за красавік 2025 года.

Узнаньскі паляціць на арбіту ў складзе місіі Axiom Mission 4 прыватнай кампаніі Axiom Space. Палёт спансуе Еўрапейскае касмічнае агенцтва. Карабель Crew Dragon кампаніі SpaceX даставіць на МКС таксама амерыканку Пэгі Уітсан, індыйца Шубханшу Шуклу і венгра Тыбора Капу. Для ўсіх, акрамя Уітсан, гэта будзе першы касмічны палёт. Місія працягнецца 14 дзён.

Нядаўна праўладны палітолаг з Акадэміі кіравання Аляксандр Маркевіч заяўляў, што Польшча разглядае Беларусь як ворага праз зайздрасць. Адной з прычын такой зайздрасці ён назваў палёт у космас Марыны Васілеўскай. 

«А якія дасягненні? Беларусь пабудавала атамную станцыю, а Польшча толькі збіраецца. Польскія касманаўты ёсць? Ёсць Міраслаў Гермашэўскі. Але гэта яшчэ сацыялістычная Польшча. Мы ў космас паляцелі. ІТ-тэхналогіі развіваюцца. Чым ім глабальна ганарыцца?», — казаў Маркевіч.

Што ж, хутка гэтая прычына для «зайздрасці» знікне. Дарэчы, Узнаньскі, у адрозненне ад былой стюардэсы «Белавія», палёт у космас якой меў усе прыкметы турыстычнага, з’яўляецца прафесійным навукоўцам. Ён абараніў доктарскую ў французскім Універсітэце Міжземнамор’я па тэме радыяцыйна-ўстойлівых канструкцый для прымянення ў космасе. Да 2023 года Узнаньскі працаваў у Еўрапейскім цэнтры ядзерных даследаванняў, а пасля быў абраны з 22 тысяч прэтэндэнтаў у якасці польскага астранаўта.

У космасе Узнаньскі правядзе 13 эксперыментаў у галіне тэхналогій, біялогіі, медыцыны і псіхалогіі, падрыхтаваных польскімі навукоўцамі і інжынерамі.

Чытайце таксама:

Васілеўская расказала, як дзякуючы ёй моладзь адрываецца ад тэлефонаў і пачынае вучыцца

Першая беларуская касмічная турыстка Марына Васілеўская прадае свой айфон

Судзімасць бацькі, дзівосы з адукацыяй, прагалы ў біяграфіі — таямніцы жыцця першай беларускай касманаўткі

Гераіня Беларусі ці звычайная касмічная турыстка? Нюансы палёту ў космас Марыны Васілеўскай

Улады ўсё ж вырашылі даць Марыне Васілеўскай дыплом дзяржаўнага ўніверсітэта

Ботаў адправілі адбельваць Васілеўскую, стала вядомая метадычка

Каментары да артыкула