БЕЛ Ł РУС

«Гэта замах на забойства». Пад Гроднам нехта нацягнуў дрот над сцежкай, дзе катаюцца матацыклісты

20.11.2024 / 21:34

Nashaniva.com

У лесе непадалёк ад Гродна ёсць сцежка, папулярная ў матацыклістаў і раварыстаў. Аднак хтосьці вырашыў зрабіць яе небяспечнай.

Фота: «АвтоГродно»

Сцежка ў лесе каля закінутых кар'ераў пад Гроднам карыстаецца папулярнасцю ў матацыклістаў. Але напярэдадні вечарам чарговая мотапрагулка ледзь не скончылася трагедыяй.

Матацыклісты цудам паспелі затармазіць перад дротам, які хтосьці нацягнуў над сцежкай на ўзроўні шыі, піша «АвтоГродно».

«Мы з сябрамі ўчора выехалі пакатацца каля крэйдавых кар'ераў на матацыклах. Зусім выпадкова ў цемры пад святлом фар заўважыў перад сабой лінію і паспеў затармазіць.

Гэта тоўсты дрот, які быў мэтанакіравана і надзейна нацягнуты паміж двума дрэвамі якраз над мота– і веласцежкай. Гэта замах на забойства, іншых слоў у мяне няма», — расказаў сведка.

Матацыклісты спешыліся, прайшліся ўздоўж сцежкі і выявілі такі ж самы дрот у яшчэ адным месцы.

У лесе каля кар'ераў матацыклісты займаюцца дысцыплінай пад назвай Эндура — гэта экстрэмальны мотаспорт з перашкодамі. Спецыяльна для заняткаў аматары накаталі сцежкі ўдалечыні ад жылых дамоў. На гэтых сцежках сталі катацца і раварысты. Палюбілася гэтая лакацыя і бегунам.

Матацыклісты не ведаюць, каму яны маглі перашкаджаць.

«Яшчэ некалькі гадоў таму нам зрабілі заўвагу жыхары хутара, які знаходзіцца непадалёк. Мы пачулі просьбу і зрушыліся ўглыб, цяпер заўваг ад жыхароў хутара не паступае. Увогуле, у нас няма ідэй, хто мог нацягнуць дрот у двух месцах над гэтай сцежкай», — адзначыў матацыкліст.

Цяпер спартоўцы збіраюцца правяраць сцежку перад кожным заездам. Праз выданне яны звярнуліся да таго, хто нацягнуў дрот, з просьбай звязацца з імі і растлумачыць сутнасць канфлікту, каб знайсці рашэнне.

Акрамя таго, на месцы ўжо пабывалі міліцыянеры. Ці праводзіцца праверка па гэтым факце, пакуль невядома.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула