У Рызе дэмантавалі помнік расійскаму фельдмаршалу Барклаю-дэ-Толі
У ноч на чацвер, 31 кастрычніка, у Рызе ў парку Эспланада была дэмантаваная статуя рускага палкаводца Міхаіла Барклая-дэ-Толі, паведаміў мэр Рыгі Вілніс Кірсіс.
У сацсетцы X мэр Рыгі апублікаваў фота дэмантажу і напісаў: «Плошча Эспланады вольная ад сімвала рускага імперыялізму». З плошчы прыбралі і пастамент, на якім быў усталяваны помнік.
Рыжская дума ўхваліла дэмантаж і перанос з Эспланады статуі Барклая дэ Толі 16 кастрычніка.
Помнік быў усталяваны ў 1913 годзе, а ў 1915 годзе яго дэмантавалі, пакінуўшы толькі пастамент. У 2002 годзе па ініцыятыве прадпрымальніка Яўгена Гомберга на ім была ўсталяваная копія статуі. Пасля дэмантажу яе плануецца вярнуць назад Гомбергу.
Помнік Барклаю-дэ-Толі ў 2016 годзе
Упраўленне нацыянальнай культурнай спадчыны не пярэчыла супраць пераносу помніка, паколькі ён не з'яўляецца помнікам культуры, які ахоўваецца дзяржавай. У той жа час пастамент культурную і гістарычную каштоўнасць мае, таму ягонае знішчэнне недапушчальна.
Пасля таго, як Расія распачала ў 2022 годзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у розных еўрапейскіх краінах, а перадусім краінах Балтыі ўзмацніліся рухі за пазбаўленне ад помнікаў, якія нагадваюць пра расійскую імперскую спадчыну розных часоў. Перад гэтым у Рызе ў ноч на 30 мая 2023 года быў дэмантаваны помнік паэту Аляксандру Пушкіну, пастаўлены ў цэнтры горада ў 2009 годзе.
Міхаіл Барклай-дэ-Толі — расійскі палкаводзец шатландска-нямецкага паходжання, які стаў вядомы падчас войнаў з Напалеонам у пачатку XIX стагоддзя. Ён фактычна выконваў абавязкі галоўнакамандуючага расійскай арміяй у пачатку вайны 1812 года, да прызначэння Міхаіла Кутузава. Пасля ў замежным паходзе расійскай арміі 1813-1814 гадоў ён камандаваў аб'яднанай расійска-прускай арміяй у складзе сіл саюзнікаў пад агульным камандаваннем князя Карла Шварцэнберга. Частка продкаў Барклая-дэ-Толі паходзіла з астзейскіх немцаў і жыла акурат у Рызе. Паводле адной з версій, ён і сам мог там нарадзіцца.
Чытайце таксама:
Што стала з расійскімі помнікамі, якія імперыя ставіла ў нацыянальных правінцыях
Астапеня прапанаваў, як ціхенька пазбавіцца ад помнікаў Леніну
Прапагандысты плачуцца, што ўкраінскія ўлады знеслі праваслаўны храм у Кіеве. Што за ён?
З помнікам паўстанцам 1863 года ў Вільні ўзнік нечаканы паварот. Яго могуць нават дэмантаваць
У Кіеве скончыўся дэмантаж герба СССР з манумента «Радзіма-маці»