Ярмошына расказала пра свой пракол на выбарах
«Адзін раз пракалолася, калі была маладой старшынёй. Мне крычалі, што няма нічога святога».
Нядаўна былая старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына расказвала, што дату выбараў трэба вызначыць па-сталінску (і тады аптымальныя месяцы — сакавік і лістапад). Аднак наступныя выбары ў Беларусі пройдуць у студзені. Таму цяпер у ток-шоу на СТБ Ярмошына даводзіла, што да Сталіна можна не прыслухоўвацца, бо «часы, калі мы былі звязаныя з умовамі надвор'я, прайшлі».
«Іосіф Вісарыёнавіч гаварыў — ці ў сакавіку, ці ў лістападзе. То-бок, калі няма замаразкаў, калі конь на падводзе дабярэцца да аддаленых раёнаў Краснадарскага краю. Таму зіма зусім не падыходзіла для гэтага».
«Мы жывём у век высокіх тэхналогій, мы мабільныя, на транспарце. Тым больш, мы маленькая краіна», — дадала Ярмошына.
У тым, што выбары прызначаны на студзень, яна бачыць плюсы.
«Увесь перыяд перадвыбарчай агітацыі — гэта якраз канец снежня — студзень, студзеньскія святы. Для кандыдатаў у прэзідэнты проста цалкам нармальнае, спрыяльнае асяроддзе, каб пра сябе заявіць. Прычым заявіць пазітыўна — гэта ж святы. Канікулы школьныя скончацца, настаўнікі выйдуць. Актыўнага перыяду адпачынкаў няма».
А пасля Ярмошына згадала пра свой пракол з выбарам даты выбараў:
«Нас калісьці папракалі за тое, што (пасля я кожны раз пралічвала) адзін раз пракалолася, калі была маладой старшынёй. Другі тур выбараў мясцовых калісьці трапіў на каталіцкі Вялікдзень. Мне крычалі, што няма нічога святога».
У далейшым, па словах Ярмошынай, ЦВК прапаноўвала такія даты, каб з царкоўнымі святамі не супадала.
Цяпер, пераканана былая старшыня ЦВК, «спекуляваць зусім няма на чым».
«У канцы канцоў студэнты ну вып'юць 25-га [на Таццянін дзень, які лічыцца Днём студэнта], яны ж датэрмінова могуць прагаласаваць 21-га», — дадала Ярмошына.
Чытайце таксама:
ЦВК патлумачыў, чаму 23 лютага не абралі днём выбараў
Ярмошына: Я б Ціханоўскую нават спецыялістам у ЦВК не ўзяла
Ярмошына лічыць, што дату выбараў трэба вызначыць па-сталінску
Драма Лідзіі Ярмошынай: як галоўная паплечніца Лукашэнкі згубіла ўсё