БЕЛ Ł РУС

Як будуць выглядаць балгарскія еўра?

6.10.2024 / 17:14

Nashaniva.com

Хаця дата ўваходжання ў еўразону Балгарыі застаецца пад пытаннем, краіна распрацавала свой дызайн манет.

Балгарскі нацыянальны бок манет еўра. Фота: Нацыянальны банк Балгарыі

Калі дакладна Балгарыя ўвойдзе ў еўразону, пакуль невядома. Пераход першапачаткова планаваўся на 1 студзеня 2024 года, але быў перанесены на год з-за высокай інфляцыі. 26 ліпеня 2024-га парламент краіны прыняў рашэнне, якое абавязала ўрад паскорыць працэс увядзення адзінай еўрапейскай валюты.

Згодна з прынятым актам, Балгарыя паспрабуе ўвайсці ў еўразону 1 ліпеня 2025 года. Калі гэта адбудзецца, то яна стане першай краінай, якая пяройдзе на еўра ў сярэдзіне года, а не на пачатку.

Яшчэ зімою гэтага года Нацыянальны банк Балгарыі зацвердзіў дызайн нацыянальнага боку васьмі манет — 1 і 2 еўра, а таксама 1, 2, 5, 10, 20 і 50 еўрацэнтаў.

Як вядома, у еўраманет ёсць агульны бок і нацыянальны бок. На нацыянальным абавязкова адлюстроўваецца кола з 12 зорак, што адпавядае іх колькасці на сцягу ЕС.

Канцэпцыя новых манет у цэлым паўтарае дызайн балгарскіх леваў і стоцінак, якія знаходзяцца ў звароце сёння. На аверсах усіх еўрацэнтаў будзе размешчаны Мадарскі вершнік, які паражае льва. Над вершнікам на кірыліцы будзе надпіс «БЪЛГАРИЯ», а пад ільвом — «СТОТИНКИ». Справа будзе пазначаны год выпуску.

Балгарскі нацыянальны бок еўрацэнтаў. Фота: Нацыянальны банк Балгарыі

На балгарскіх еўраманетах наміналам 1 еўра будзе змешчаны партрэт аднаго з найбольш ушанаваных святых Балгарскай праваслаўнай царквы — прападобнага Іаана Рыльскага (каля 876 — 946).

На аверсе 2 еўра — партрэт іераманаха Паісія Хілендарскага (1722—1773), аўтара «Славяна-балгарскай гісторыі пра народаў і цароў балгарскіх», якая ўтрымлівала заклікі да абуджэння нацыянальнай самасвядомасці і культурнага адраджэння краіны.

Яшчэ вясной планавалася зрабіць да 1 мільёна еўра-манет з нацыянальным бокам Балгарыі для праверкі якасці манет і сертыфікацыі Балгарскага манетнага двара.

Пасля таго як Еўрапейскі савет ухваліць далучэнне Балгарыі да еўразоны і будзе завершана сертыфікацыя Балгарскага манетнага двара, пачнецца рэгулярная вытворчасць еўраманет з нацыянальнымі сімваламі для задавальнення попыту ў краіне, калі еўра стане афіцыйным плацёжным сродкам.

Чытайце таксама:

«Добраахвотна і свабодна пакінуў Беларусь». Балгарыя адмовіла беларускаму ЛГБТ-актывісту ў атрыманні статусу ўцекача

Пачалі выдаваць балгарскі турыстычны шэнген. Што трэба, каб яго атрымаць?

З Балгарыі высылаюць трох чалавек, звязаных з Беларускай праваслаўнай царквой. Хто яны?

Каментары да артыкула