У сацсетках усплыла карціна Бялыніцкага-Бірулі. Не ўсе вераць, што акадэмік мог маляваць так
Вакол аўтарства беларускага пейзажыста разгарэлася спрэчка.
Пейзаж з подпісам Бялыніцкага-Бірулі. Фота: фэйсбук-суполка «Пожалуйста! Оцените мой антиквариат.»
У суполцы антыкварыяту ў фэйсбуку адзін з удзельнікаў выклаў карціну, якую папрасіў ацаніць. Гэта вечаровы зімовы пейзаж з рачулкай, мостам і хаткай пры ім. Само палатно невялікае, памерам усяго 40х30 см. Як патлумачыў уласнік, была яшчэ рама, але яе стан быў занадта дрэнным і яна пайшла ва ўтыль. Карціну ён набыў у пачатку 2000-х за капейкі разам з іншымі рэчамі.
На карціне ў левым ніжнім вуглу чырвонай фарбай зроблены подпіс аўтара — Бялыніцкі-Біруля.
Подпісам Бялыніцкага-Бірулі на карціне. Фота: фэйсбук-суполка «Пожалуйста! Оцените мой антиквариат.»
Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся ў 1872 годзе ў фальварку Крынкі недалёка ад Бялынічаў. Сям'я яго належала да дробнай каталіцкай шляхты, якая арандавала зямлю. Нягледзячы на сугучнасць прозвішча з найбліжэйшым мястэчкам, дзе сёння адкрыты музей у яго імя, паходзіць яно, насамрэч, ад зусім іншага паселішча.
Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў Сяргея Каровіна, Васілія Паленава і Іларыёна Пранішнікава, працаваў у майстэрні Ісака Левітана. Як і яго настаўнікі, захапіўся пейзажным жывапісам. Ягоныя карціны прыцягвалі ўвагу аматараў прыгожага мастацтва і атрымлівалі медалі на міжнародных выстаўках. Да рэвалюцыі Бялыніцкі-Біруля атрымаў ступень акадэміка жывапісу, а ў савецкі час разам з Азгурам і Грубэ быў у ліку першых удастоены звання Народнага мастака Беларускай ССР.
Знакамітая карціна «Зімовы сон», напісаная мастаком у 1911 годзе, заваявала бронзавы медаль на выстаўцы ў Барселоне. Сёння яна экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі
Ягоныя лірычныя пейзажы нярэдка адрозніваюцца мінімалістычнымі сродкамі выразнасці. Але, як заўважылі ўдзельнікі суполкі антыкварыяту, адшуканая карціна з подпісам Бялыніцкага-Бірулі зусім не падобная да манеры выдатнага жывапісца, гэта тапорная і брудная ў плане напісання рэч. Нехта быў больш востры ў ацэнцы — «кашмарны пейзажык» і «дурная мазня».
Але сам уласнік з тых жа меркаванняў лічыць, што гэта арыгінал Бялыніцкага-Бірулі, бо «на такі страх з мэтай нажывы сапраўды не сталі б ляпіць ягоны подпіс».
Сёння карціны Бялыніцкага-Бірулі знаходзяцца ў многіх музеях Беларусі, Расіі і Украіны, але перыядычна яны трапляюцца і на рынку антыкварыяту. Так у 2015 годзе ў Санкт-Пецярбургу прыблізна за $14 тысяч прадавалі трохі большы па памерах пейзаж «Хатка ля возера», напісаны мастаком у 1911 годзе.