БЕЛ Ł РУС

Кітаянка, якая падарожнічае з баранам па Польшчы, раней выгульвала ў Маскве цяля, а ў Лондане — свінню

9.09.2024 / 15:54

Nashaniva.com

Жанчына ўжо не адзін раз трапляла ў цэнтр увагі СМІ з-за сваіх незвычайных учынкаў.

Аліса з баранам на вуліцах Варшавы ў 2022 годзе. Фота: старонка Алісы Дэй у ВКонтакте

Пра амерыканку кітайскага паходжання Алісу Дэй у мінулым годзе пісаў тэлеграм-канал SHOT. Жанчына расказвала, што займаецца выратаваннем жывёл, якім пагражае забой.

Як вынікае з матэрыялу, баран, з якім яна падарожнічае па Польшчы, у яе не першы. У 2022 годзе яна ўжо падарожнічала па краіне з іншым яго супляменнікам.

У лютым 2023 года Аліса была затрымана на Краснай плошчы ў Маскве, калі выгульвала там цяля. На яе быў складзены пратакол за парушэнне парадку правядзення пікету супраць спажывання мяса. Таксама яна заплаціла штраф у 2 тысяч расійскіх рублёў (каля 260 даляраў ЗША).

Тады Дэй расказала, што набыла жывёлу на папулярным расійскім інтэрнэт-сэрвісе абвестак «Авіта». Пасля затрымання цяля ў Алісы адабралі і накіравалі ў цэнтр рэабілітацыі жывёл.

Акрамя Польшчы і Расіі Алісу Дэй ведаюць і ў іншых краінах. У 2021 годзе яна жыла ва ўкраінскім Дняпры з цялём і парасём у здымнай кватэры.

А ў 2019 годзе пра яе пісала брытанскае выданне Daіly Mail. Тады яна расказвала, што выратавала ад забою васьмітыднёвую свінню, заплаціўшы за яе 400 фунтаў. Свіння пасялілася разам з Дэй у яе невялікай кватэры ў Лондане. Дэй выгульвала яе па горадзе, катала ў метро і вячэрала разам з ёй у рэстаране.

Аліса са свіннёй на вуліцах Лондана. Відэа: Daily Mail

Праз тыдзень пад націскам гаспадароў кватэры жанчына вымушана была перадаць жывёлу Каралеўскаму таварыству па прадухіленні жорсткага абыходжання з жывёламі.

У інтэрв'ю выданню барацьбіты за правы жывёл асудзілі Дэй, адзначыўшы, што яе дзеянні «прадэманстравалі шакавальную адсутнасць здаровага сэнсу».

Чытайце таксама:

«Я казала, што гэта сабака». Памятаеце пра барана, якога абмяркоўвае ўся Польшча? Яго гісторыю расказала гаспадыня

У Польшчы беларуска везла ў таксі барана, якога абмяркоўвае ўся краіна

Каментары да артыкула