БЕЛ Ł РУС

«Бунт» з-за раёна, чаўнакі на паўзе і лёс старога парку. Чым жыве самы заходні горад Беларусі?

13.07.2024 / 17:44

Nashaniva.com

Калі глядзець на карту, то крайні заходні пункт Беларусі знаходзіцца на тэрыторыі Камянецкага раёна. Побач размяшчаецца населены пункт Высокае, дзе цяпер жыве крыху менш за 5 тысяч чалавек. Атрымліваецца, што менавіта гэты горад мае статус самага заходняга ў краіне. А яшчэ ў ім здарыўся рэгіянальны «бунт», калі людзі хацелі далучэння да іншага раёна. Чым жа прывабны горад і што засмучае мясцовых жыхароў, зрабіла рэпартаж выданне «Першы».

Мяжа не для «чаўнакоў» і адкуль там бяруцца мігранты?

Доўгі час геаграфічнае становішча і прыгранічны статус Высокага прыносілі выгады мясцовым жыхарам. Паблізу горада знаходзіцца чыгуначная станцыя Высока-Літоўск, адкуль пару разоў на дзень ішоў дызель-цягнік да польскай вёскі Чарэмха.

Чыгуначная станцыя Высока-Літоўск

«У нас тут ці ледзь не кожны трэці жыхар у былыя часы лічыўся «чаўнаком», — расказвае пенсіянерка Марыя. — І цыгарэты рэгулярна вазілі ў Польшчу, і гарэлку. Усё ж такі тады там цэны на іх былі нашмат большыя, чым у Беларусі. Атрымліваўся добры дадатак да заробку ці пенсіі — у каго як».

Але пасажырскія цягнікі ў кірунку Чарэмхі не ездзяць даўно: застаўся толькі маршрут на Брэст. Перамовы аб аднаўленні грузавых перавозак са станцыі Высока-Літоўск у бок Польшчы таксама ні да чаго не прывялі.

А канчаткова пахавала чаўночны бізнэс мясцовых жыхароў закрыццё аўтамабільнага памежнага пераходу ў Пясчатцы. Гэты пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы знаходзіцца за дванаццаць кіламетраў ад Высокага.

Пункт пропуску Пясчатка цяпер закрыты

Хоць у рэканструкцыю пагранперахода «Пясчатка» Еўрапейскі саюз інвеставаў амаль 11 мільёнаў еўра (яшчэ каля 1,2 мільёна еўра выдзелілі беларускія ўлады), у абноўленым выглядзе ён прапрацаваў нядоўга. Спачатку ў перыяд каранавіруса польскі бок прыпыніў працу сумежнага пункта пропуску «Палоўцы» на сваёй тэрыторыі. Потым умяшаўся міграцыйны крызіс і пытанне аб аднаўленні руху транспарту праз памежны пераход адпала зусім.

Уезд у самы заходні горад Беларусі

Наогул, на тэму нелегальнай міграцыі жыхары Высокага і навакольных вёсак гавораць з асцярогай. Яны пацвярджаюць, што беларускія памежнікі выстаўляюць пасты на дарогах і правяраюць транспарт. Праўда, высакаўчане выказваюць меркаванне, што асаблівага эфекту гэта не прыносіць. Аднак і саміх нелегалаў у горадзе не назіраюць.

«У крамах і на вуліцах у сябе мы іх не бачым, — кажа мясцовы жыхар. — А потым чытаем у інтэрнэце, што штурмавалі польскую мяжу ў Чарэмху, зусім недалёка ад Высокага. Як туды трапляюць, калі нават нам нельга — пытанне, вядома, цікавае».

Вытворца сыроў стаў галоўным прадпрыемствам для горада

Паколькі чаўночны бізнэс у памежжы цяпер у стадыі згасання, людзям даводзіцца шукаць іншыя магчымасці заробку. Галоўныя надзеі па працаўладкаванні ў Высокім звязаныя з дзейнасцю СААТ «Белавежскія сыры».

Прадпрыемства лічыцца горадаўтваральным: цяпер тут працуюць больш за паўтысячы чалавек з улікам тых, хто заняты ў сельскай гаспадарцы. Рэч у тым, што ў склад «Белавежскіх сыроў» цяпер уваходзіць і былы калгас «Макарава-Агра».

Малако прыбывае на галоўнае прадпрыемства ў горадзе Высокае

Год таму ўладальнікі кампаніі выкупілі яшчэ адну аграгаспадарку — ААТ «Адраджэнне» ў Ганцавіцкім раёне. Праўда, вазіць адтуль малако ў Высокае (адлегласць складае 230 кіламетраў) не збіраюцца. Перапрацоўваць яго будуць, хутчэй за ўсё, на месцы і запланавалі будаўніцтва новага малочнага комплексу.

Як дзеліцца работнік СААТ «Белавежскія сыры» Сяргей, працоўныя рукі патрабуюцца і на асноўным прадпрыемстве.

«Не тое, каб кадраў не хапае, але моладзі заўсёды хочацца большага, — разважае суразмоўца. — Ёсць вакансіі — ад рабочых да спецыялістаў. Сыраробам, кіроўцам, масларобам гатовыя плаціць да 1500 рублёў і нават дворнік можа атрымліваць тысячу. А хто працуе ўжо шмат гадоў — зарабляюць і 2000 рублёў. Гэта прыстойныя грошы для нашага горада».

Калі вывучыць дзяржаўны банк вакансій, то пераконваешся: перабіць прапановы «Белавежскіх сыроў» у Высокім могуць нямногія. Хіба што камунальным і дарожным службам патрабуюцца кіроўцы на заробак да 2000 рублёў.

Галоўная пляцоўка прадпрыемства «Белавежскія сыры»

Быў перыяд, калі эканамічнае становішча і на прадпрыемстве «Белавежскія сыры» выклікала трывогу. Па словах Сяргея, падалі продажы, а з імі і заробкі рабочых, што адбівалася на вытворчасці.

«Але гадоў з пятнаццаць таму змяніўся расійскі ўладальнік, правялі мадэрнізацыю і справы сталі наладжвацца», — адзначае работнік прадпрыемства.

«Фішкай» лічыцца той факт, што вытворчасць знаходзіцца ў экалагічна чыстым рэгіёне Беларусі. Зараз гэта дапамагае арганізаваць збыт сыроў не толькі ў Расіі, але і за межамі СНД.

Фірмовая крама каля ўваходу на прадпрыемства «Белавежскія сыры»

Як збор подпісаў дапамог звярнуць увагу на праблемы

Пенсіянерка Яўгенія Іванаўна яшчэ памятае часы, як да з'яўлення «Белавежскіх сыроў» у Высокім працаваў малаказавод. А яшчэ сам горад меў статус райцэнтра, які страціў у 1962 годзе.

«Я мяркую, што зрабілі вельмі дрэнна, калі падпарадкавалі Камянцу, — мяркуе суразмоўца. — Там таксама раён не багаты, і грошай на развіццё ды добраўпарадкаванне Высокага выдзялялася ўсё менш. Тады людзі і пачалі выязджаць».

Цэнтр горада Высокае

Да таго ж абвастрылася праблема з грамадскім транспартам: дабрацца па справах у Камянец можна толькі аўтобусам. Хадзіць яны сталі радзей, а цягнікоў няма — чыгунка да райцэнтра не пракладзеная.

«Калі няма сваёй машыны, а трэба ў райвыканкам, у бальніцу ці яшчэ куды, то было вельмі нязручна», — расказвае Яўгенія Іванаўна.

Жанчына ўспамінае, што дзесяць гадоў таму жыхары Высокага нават сталі збіраць подпісы, каб горад вывелі са складу Камянецкага раёна і далучылі да Брэсцкага.

«Тады проста крыўдна было за родныя мясціны, што горад прыходзіць у заняпад», — кажа пенсіянерка.

Яна перакананая, што менавіта пасля той ініцыятывы на праблемы Высокага ўлады звярнулі ўвагу. У горадзе пачалі мяняць асфальт на дарогах, рамантаваць камунікацыі, упарадкоўваць зялёныя зоны. Работы вяліся ў тым ліку і за кошт грантаў на прыгранічнае супрацоўніцтва, выдзеленых Еўрасаюзам.

Знакавай падзеяй мясцовыя жыхары лічаць і правядзенне ў Высокім у 2018 годзе абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі». Тады змяніўся цэнтр горада, абнавілася сацыяльная інфраструктура — дзіцячая музычная школа, гарадская бальніца і шмат чаго яшчэ.

Да «Дажынак» у Высокім абнавілі будынак музычнай школы

Жыхар Высокага Сяргей прызнаецца, што горад у той час моцна змяніўся.

«Хто прыязджаў на «Дажынкі», проста не пазнавалі тэрыторыю каля Дома культуры, царквы і гарвыканкама, са сцен якога яшчэ нядаўна абсыпалася тынкоўка», — з усмешкай успамінае мужчына.

Славутасці, якія маглі б прыцягваць турыстаў

Тады ж змяніўся і старадаўні пейзажны парк сядзібы Сапегаў-Патоцкіх, які размясціўся на тэрыторыі ў 20 гектараў. Парк лічыцца не толькі галоўнай славутасцю Высокага, але і прыроднай жамчужынай Беларусі. Тут расце шмат рэдкіх дрэў і раслін, а каштанавая алея — адна з самых доўгіх у краіне.

Алея ў старадаўнім парку горада Высокае

«У парка вельмі цікавая гісторыя, і калі яго пачалі прыводзіць да ладу, былі вялікія надзеі, што гэта прыцягне турыстаў», — расказвае мясцовы краязнаўца, вымушаны з'ехаць за мяжу.

Суразмоўца са шкадаваннем адзначае, што ўпарадкаванне ператварылася ў разавую акцыю, хоць парк заслугоўвае сталага догляду. І не толькі парк: па сваім турыстычным патэнцыяле Высокае цалкам магло б параўнацца з Косавам ці нават з Нясвіжам.

Вадаём у старадаўнім парку Высокага

«У горадзе быў і замак, і палац Сапегаў-Патоцкіх, і манастыр баніфратраў — усе яны маюць вялікую гістарычную каштоўнасць», — адзначае краязнаўца.

Руіны замка ў старадаўнім парку ў Высокім

Аднак цяперашні лёс аб'ектаў незайздросны. Напрыклад, будынак былой сядзібы, які знаходзіўся ў аварыйным стане, у 2015 годзе на аўкцыёне купіў прадпрымальнік з Мінска. У яго планах — аднаўленне гістарычнага аблічча і выкарыстанне ў якасці гатэля з рэстаранам і спа. Цяпер асаблівых работ на аб'екце не заўважна, а доступ на тэрыторыю абмежаваны.

Палац Сапег-Патоцкіх у Высокім працягваюць рэканструяваць

Яшчэ больш туманныя перспектывы ў былога манастыра. Хоць будынак уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, ён нагадвае руіны. Раней тут былі і хлебанарыхтоўчы пункт, і машынна-трактарная станцыя, і склады. Цяпер ёсць ідэя прыстасаваць тэрыторыю пад патрэбы музея, але пакуль гэтыя планы ўспрымаюцца з недаверам.

Будынак манастыра ў Высокім выкарыстоўвалі як склад і гараж

Хоць за дванаццаць кіламетраў ад Высокага знаходзіцца вёска Воўчын, і там мясцовую знакамітасць удалося выратаваць. Гаворка пра Траецкі касцёл, дзе, паводле падання, хрысцілі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага — ураджэнца гэтых мясцін.

Касцёл будавалі ў перыяд барока, ён лічыцца адным з самых незвычайных у Беларусі з пункту гледжання архітэктуры. Зрэшты, як расказвае жыхар Воўчына Іван, захапляцца прыгажосцю храма цяперашнім сучаснікам не давялося.

Воўчын — радзіма апошняга караля Рэчы Паспалітай

«Касцёл моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны, а потым стаў выкарыстоўвацца як збожжасховішча і склад ядахімікатаў», — расказвае Іван.

Траецкі касцёл у Воўчыне

У 70-я гады мінулага стагоддзя будынак быў у настолькі кепскім стане, што ягоны дах абрынуўся. Тады будынак забілі і закінулі. Надзеі на аднаўленне з'явіліся ў 2007 годзе, калі храм вярнулі вернікам. Была распачатая рэстаўрацыя святыні, якую праводзілі польскія спецыялісты.

Каталіцкі храм у Воўчыне трапіў у турыстычны маршрут

Завяршыць яе цалкам яшчэ не паспелі, але касцёл ужо цяпер выглядае велічна і ўрачыста. Пра такі ж рэнесанс для славутасцяў свайго горада напэўна мараць і ў Высокім.

Чытайце таксама:

У Магілёве збіраюць подпісы супраць знішчэння замчышча пад музей цара

Як выглядала і хто стварыў надмагілле для дачкі Вайніловіча

У Магілёве знішчаць гістарычную электрастанцыю пад праект забудоўшчыка. Знос ізноў выдаюць за рэканструкцыю

У Полацку імкліва разбураюцца руіны касцёла. Абвалілася яшчэ частка мура

«З гэтымі гмахамі ад нашага горада нічога не застанецца». Гродзенцы не ў захапленні ад ідэі ўзвесці квартал з высоткамі

Каментары да артыкула