Рэйс на кітайскі курорт Хайнань усё адкладаюць і адкладаюць
Першапачаткова палёты планаваліся са студзеня гэтага года.
Курорт Хайнаня. Фота: Wikimedia Commons
Рэйс з Мінска на Хайнань могуць запусціць восенню гэтага года. Дакладнай даты няма з-за тэхнічных пытанняў, паведамляе Рэспубліканскі саюз турарганізацый.
Старт прамога рэйса з Мінска ў Санью пераносілі не адзін раз. Палёты анансавалі яшчэ з 16 студзеня. Апошні раз магчымай датай называлі 25 мая.
Планавалася, што рэйс па маршруце Санья — Мінск — Санья будзе выконваць кітайская авіякампанія Beijing Capital Airlines. Анансаваліся палёты двойчы на тыдзень на самалёце Airbus A330-300.
Зараз турысты дабіраюцца да Хайнань праз Маскву. Цэны на пражыванне ў пяцізоркавых гатэлях на востраве вясной былі ў раёне $1,5 тыс. на восем начэй на дваіх. Вясна і восень лічацца ў гэтым рэгіёне турыстычным сезонам.