БЕЛ Ł РУС

Пратэсты супраць рэформаў прэзідэнта Аргенціны Мілея перараслі ў сутыкненні

13.06.2024 / 07:53

Nashaniva.com

У прэс-службе Мілея заявілі, што пратэстоўцы спрабавалі здзейсніць пераварот і парушыць працу Кангрэса.

Фота: Gustavo Garello / AP

Паліцыя ў Буэнас-Айрэсе ўжыла слёзацечны газ і вадамёты для разгону акцыі пратэсту супраць рэформаў прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея ля будынка Нацыянальнага кангрэса, дзе абмяркоўваліся змены ў заканадаўства, піша Бі-бі-сі.

Дэманстранты, якія сцвярджаюць, што ад рэформаў пацерпяць мільёны аргенцінцаў, кідалі ў паліцэйскіх бутэлькі з запальнай сумессю і камяні, а таксама падпалілі два аўтамабілі. Некалькі ўдзельнікаў акцыі атрымалі раненні.

Пацярпелі таксама прынамсі дзевяць паліцэйскіх, паведамілі ў Міністэрстве бяспекі Аргенціны. 10 чалавек былі арыштаваныя.

Пакет рэформаў, прапанаваны Хаўерам Мілеем для ажыўлення аргенцінскай эканомікі, уключае абвяшчэнне надзвычайнага эканамічнага становішча, скарачэнне пенсій і ўшчамленне працоўных правоў.

Супраць гэтых мер выступаюць левыя партыі, прафсаюзы і грамадскія арганізацыі, якія арганізавалі дэманстрацыю.

У прэс-службе Мілея заявілі, што пратэстоўцы спрабавалі здзейсніць пераварот і парушыць працу Кангрэса, а сілы бяспекі распачалі «дзеянні для падаўлення тэрарыстычных груп».

Першапачатковы пакет рэформаў, які складаецца з 600 з лішнім артыкулаў, быў накіраваны ў парламент у канцы мінулага года. Пад ціскам апазіцыі ён быў адкліканы і ўнесены паўторна з істотнымі зменамі (у ім засталося 238 артыкулаў).

Палата дэпутатаў Кангрэсу ўхваліла новы праект у красавіку. У сераду яго абмяркоўваў Сенат.

Выступаючы ў верхняй палаце, апазіцыйныя заканадаўцы заявілі, што прыняцце пакета рэформаў адкіне краіну на дзесяцігоддзі назад.

«Мы не можам паверыць, што ў Аргенціне абмяркоўваецца закон, які адкіне нас на 100 гадоў таму», — сказаў 55-гадовы адвакат Фабіа Нуньес, адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту.

У выніку познім вечарам Сенат у цэлым ухваліў праект рэформаў, у чацвер абмеркаванні працягнуцца.

Пасля адабрэння Сенатам дакумент павінен вярнуцца ў ніжнюю палату для фінальнага зацвярджэння.

Чытайце таксама:

Што адбылося з эканомікай Аргенціны за шэсць месяцаў працы новага прэзідэнта

Аргенцінскі суд паставіў падножку рэформам прэзідэнта Мілея

Прэзідэнт Аргенціны паляцеў звычайным самалётам. І гэта самалёт «Белавія»

Каментары да артыкула