БЕЛ Ł РУС

Гэта францужанка — самая багатая жанчына ў свеце. Яе багацце перавысіла 100 мільярдаў даляраў

30.12.2023 / 11:16

Nashaniva.com

Франсуаза Бетанкур Маерс — самая багатая жанчына ў свеце. Яна атрымала ў спадчыну L'Oréal ад сваёй маці Ліліян Бетанкур, якая таксама была самай багатай жанчынай, але яе багацце на момант смерці складала каля $40 мільярдаў.

Франсуаза Бетанкур-Маерс. Фота: Ian Langsdon, Pool via AP

Унучка заснавальніка кампаніі L'Oréal і намесніца старшыні яе рады дырэктараў Франсуаза Бетанкур Маерс стала першай жанчынай у свеце, чыё багацце перавысіла $100 млрд, паведамляе РБК са спасылкай на Bloomberg.

Згодна з Bloomberg Billionaires Index яе багацце склала 28 снежня $100,2 млрд (12-е месца ў свеце, у Бернара Арно — самага багатага чалавека планеты — 182 млрд).

Forbes пакуль ацэньвае багацце Маерс у $99,6 млрд (14-е месца), але адзначае, што яна з'яўляецца самай багатай жанчынай у свеце.

Як піша Bloomberg, на багацце бізнэсвумен паўплываў рост акцый L'Oréal да рэкорднага ўзроўню, паказчыкі сталі найлепшымі з 1998 года.

70-гадовая Маерс і яе сям'я валодаюць доляй амаль у 35%. Сыны Франсуазы — Віктор-Жан і Нікаля — уваходзяць у лік кіраўнікоў кампаніі (першы з'яўляецца сябрам камітэта па ўстойлівасці і стабільнасці, другі — камітэта аўдыту).

***

L'Oréal заснаваў у 1909 годзе хімік Эжэн Шулер для вытворчасці і продажу распрацаванай ім фарбы для валасоў. Яго дачка і маці Франсуазы, Ліліян Бетанкур, пасля смерці бацькі ў 1957 годзе атрымала ў спадчыну кампанію. На момант сваёй смерці ў 2017-м у 94-гадовым узросце яна была самай багатай жанчынай у свеце ($39,5 млрд).

Адносіны паміж маці і дачкой былі няпростымі, у апошнія гады жыцця Ліліян яна была ўцягнутая ў судовыя цяжбы са спадчынніцай. У 2007 годзе Франсуаза падала ў суд на фатографа Франсуа-Мары Банье, які быў «пратэжэ» яе маці і якога Бетанкур-малодшая абвінаваціла ў тым, што ён падманам выманіў у Ліліян, якая пакутавала на неадэкватнасць, амаль $1 млрд за 20 гадоў.

У выніку справа разраслося да таго, што ў ёй з'явіўся эпізод, звязаны з былым прэзідэнтам Францыі Нікаля Сарказі, які падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі, як сцвярджала следства, атрымаў ад Бетанкур €150 тыс. (па законе ахвяраванне не павінна перавышаць €4,6 тыс.). Гэтыя абвінавачванні былі знятыя.

Банье ж быў прызнаны вінаватым і атрымаў два з паловай гады турмы, а таксама павінен быў выплаціць Бетанкур €158 млн кампенсацыі. Пасля апеляцыі прысуд змякчылі, у тым ліку была адменена кампенсацыя.

Чытайце таксама:

«Хочацца сказаць кампаніям з трыльённымі капіталізацыямі і тэхна-візіянерам: хлопцы, а вы не афігелі?»

«Так, гэта вялікая памылка, але высвятляць, хто вінаваты, а хто не, — вельмі небяспечна». Найбагацейшы расіянін, які родам з Беларусі, паспрабаваў апраўдацца за вайну

Расія займае трэцяе месца ў свеце па расслаенні паміж багатымі і беднымі — UBS Global Wealth Report

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула