Польшча эвакуявала 120 грамадзян з Ізраіля. Палесцінцы выкралі 75-гадовага даследчыка Халакосту, ураджэнца Польшчы
Польшча пачала эвакуацыю сваіх грамадзян з Ізраіля. Першы самалёт з 120 грамадзянамі краіны прызямліўся ў аэрапорце Варшавы раніцай у панядзелак, паведамляе Бі-бі-сі.
«Першыя эвакуяваныя з Ізраіля ўжо прыбылі ў Польшчу. Я хачу падзякаваць [нашым] вайскоўцам за паспяховае правядзенне аперацыі», — гаворыцца ў твіце міністра абароны Польшчы Марыюша Блашчака.
На панядзелак запланаваныя яшчэ два эвакуацыйныя рэйсы з Ізраіля ў Польшчу.
Па словах міністра абароны, па звестках нанядзелю, у Ізраілі эвакуацыі чакалі каля 200 турыстаў з Польшчы, у тым ліку група школьнікаў. У аперацыі па эвакуацыі грамадзян Польшчы прымаюць удзел каля 200 польскіх вайскоўцаў.
Таксама паведамляецца, што палесцінцы захапілі ў палон 75-гадовага Алекса Данцыга, супрацоўніка музея гісторыі Халакосту «Яд-Вашэм».
Алекс Данцыг нарадзіўся ў 1948 годзе ў Макатуве ў Польшчы. Ён — вядомая фігура ў польска-ізраільскіх адносінах. Ён прыехаў у Ізраіль у 50-я гады і заўсёды ганарыўся тым, што з'яўляецца грамадзянінам Польшчы.
У нядзелю ўвечары факт выкрадання Данцыга пацвердзіў Яраслаў Папіс-Разэнбаум з габрэйскай канфесійнай абшчыны ў Лодзі.
«На жаль, у мяне ёсць інфармацыя аб выкраданні Данцыга, пацверджаная яго сябрамі з Ізраіля, ён быў выкрадзены байцамі ХАМАС», — цытуе словы Папіс-Разэнбаума tvn24.pl.
Чытайце таксама:
Іран адмаўляе дачыненне да планавання нападу на Ізраіль
Палесцінскія баевікі заявілі, што захапілі ў палон больш за 130 ізраільцян
Кроў і агонь. Страшныя ФОТЫ з Ізраіля і Газы
Другі дзень палесціна-ізраільскага канфлікту: амаль тысяча загінулых і тысячы параненых