Міністр замежных спраў Эстоніі напісаў адкрыты ліст Віктару Бабарыку
У дзень, абвешчаны праваабаронцамі Днём салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Тсахкна апублікаваў адкрыты ліст да Віктара Бабарыкі.
«Выстаўляючы сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта, вы ўсведамлялі рызыкі, але ўсё роўна пайшлі на іх. Вы хацелі для сваёй краіны палітычнага плюралізму, які з'яўляецца перадумовай для дэмакратыі, правоў чалавека і асноўных свабод. Вы былі і застаяцеся натхняльнікам для беларусаў, якія жадаюць свабодных выбараў, але замест гэтага атрымліваюць крывавыя рэпрэсіі.
Хачу вас запэўніць — свет не забыўся пра палітвязняў Беларусі. Мы глыбока занепакоеныя вашым здароўем і дабрабытам, жадаем усім вам, хто цярпіць жорсткія катаванні ў руках баязлівага рэжыму, сілы і душэўнага спакою.
Перакананы, што неўзабаве дэмакратыя пераможа і героі пойдуць на волю будаваць Беларусь у еўрапейскай сям’і. Мы з вамі!» — напісаў ён.
Месяц таму стала вядома, што Віктар Бабарыка быў шпіталізаваны ў бальніцу ў ноч з 24 на 25 красавіка. Далейшае месцазнаходжанне палітвязня невядомае. Ні родныя, ні адвакат не бачылі яго.
Чытайце таксама: