Жыхарка Гродна 15 гадоў сумнявалася ў сваім мацярынстве
Ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці звярнулася жыхарка горада Гродна, якая 15 гадоў сумнявалася ў тым, што сын зʼяўляецца яе біялагічным дзіцем.
Фота: sudexpert.gov.by
Прычынай, як паведамляюць судэксперты, сталі абставіны, якія склаліся адразу пасля нараджэння дзіцяці. Як расказала жанчына, дзіця пасля нараджэння некалькі дзён знаходзілася асобна ад яе ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Калі яго прынеслі на першае кармленне, яна ўбачыла, што гэта не яе сын. Персанал знайшоў сапраўднае немаўля па прымацаваных бірках. Аднак гэты выпадак стаў прычынай для доўгіх перажыванняў і сумневаў у жанчыны.
Сітуацыя ўскладнілася, калі дзіця падрасло і з выгляду было мала падобнае да бацькоў. Масла ў агонь падлівалі і «добразычліўцы»-суседзі, якія ўвесь час акцэнтавалі на гэтым увагу. Пры гэтым кожны раз у жанчыны ва ўспамінах усплывала непрыемная сітуацыя, якая адбылася ў радзільным доме, і ў чарговы раз закрадвалася сумненне: а ці сапраўды гэта яе дзіця? Разам са сваім мужам яны рашыліся на генетычную экспертызу.
Вынікі экспертызы развеялі сумневы — хлопчык сапраўды зʼяўляецца іх біялагічным дзіцем.