БЕЛ Ł РУС

У Канадзе знайшлі муміфікаванага арктычнага сусліка ўзростам 30 тысяч гадоў ФОТА

4.04.2023 / 08:51

Nashaniva.com

У Канадзе знайшлі муміфікаванага арктычнага сусліка з Ледавіковага перыяду, які захоўваўся каля 30 тысяч гадоў на тэрыторыі Юкона. Суслік быў згорнуты ў клубок, нібы памёр падчас зімовай спячкі, паведамляе CBC News

Фота: Government of Yukon

Палеантолагі знайшлі грызуна ў залатых капальнях Кландайка яшчэ ў 2018 годзе, але пакажуць публіцы толькі цяпер.

Астанкі арктычнага сусліка будуць выстаўленыя ў Навуковым цэнтры Yukon Beringia Interpretive Centre ў Уайтхорсе, які павінен адкрыцца пасля рэканструкцыі гэтай вясной.

Суслік быў упершыню выяўлены работнікам шахты Хестэр-крык недалёка ад Доўсан-Сіці.

Шахцёры рэгулярна знаходзяць косці і акамянеласці ледніковага перыяду ў гэтым рэгіёне. Самыя цікавыя знаходкі апошніх гадоў — муміфікаванае ваўчаня і маманцяня.

Арктычныя суслікі (Arctic ground squirrel), якія да гэтага часу распаўсюджаныя на Юконе, робяць падземныя гнёзды для зімоўкі. Гнёзды Ледавіковага перыяду рэгулярна знаходзяць захаванымі ў вечнай мерзлаце Кландайка.

Аднак цела грызуна — асабліва каштоўная знаходка, кажа палеантолаг Грант Зазула.

Суслікі — цікавы від для вывучэння, паколькі яны выжылі на Юконе пасля Ледніковага перыяду, у адрозненне ад мамантаў ці многіх іншых жывёл.

«Жывёлы, якія жывуць тут сёння, на самай справе даволі цягавітыя, таму што ім давялося перажыць шматлікія змены ў мінулым.

Так што гэта вельмі важны ўрок, каб падумаць пра тое, як будучыя змены клімату паўплываюць на гэтых жывёл», — дадае палеантолаг.

Некаторыя косткі муміфікаваных жывёл з часам губляюць кальцый, з-за чаго рэнтгенаўскія здымкі атрымліваюцца менш выразнымі.

З суслікам такой праблемы не было — рэнтген выразна паказаў цвёрдую касцяную структуру.

«Мы ўбачылі, што ён быў у выдатным стане і проста скруціўся абаранкам, як быццам спаў», — сказала ветэрынар Джэс Хіт.

Рэнтгенаўскі здымак паказаў, што гэта быў малады суслік, які мог памерці ў першы год зімовай спячкі. Аднак што яго забіла — пакуль незразумела.

Чытайце таксама:

Выйшлі са спячкі гэтыя сімпатычныя жывёлінкі

На Палессі пабачылі першых буслоў, што прыляцелі з выраю. Сёлета яны вярнуліся раней, чым звычайна

Вясна ідзе. Беларускія птушкі, на якіх усталяваныя перадатчыкі, ужо кіруюцца з Афрыкі бліжэй да радзімы

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула