БЕЛ Ł РУС

Больш за 90% украінцаў адмоўна ставяцца да Лукашэнкі — апытанне 

11.03.2023 / 13:26

Nashaniva.com

Пры гэтым яшчэ тры гады таму ён быў самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне.

Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі рэзка знізіўся пасля таго, як Беларусь стала тылавой базай расійскай арміі

Украінскі цэнтр эканамічных і палітычных даследаванняў імя Разумкова ў канцы лютага правёў чарговае апытанне сярод украінцаў наконт іх стаўлення да Беларусі. 

У асабістым фармаце было апытана 2020 рэспандэнтаў розных узростаў, акрамя непаўналетніх, з усіх падкантрольных уладам Украіны тэрыторый. Паводле аўтараў даследавання, яго хібнасць не перавышае 2,3%.

Вынікі гэтага апытання мы прыводзім ніжэй.

«Амаль усе апытаныя выказалі негатыўнае стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі (76,3% — негатыўна, 15,9% — рэзка негатыўна). Пры гэтым толькі 3,3% выказаліся ў ягоны адрас пазітыўна», — гаворыцца ў справаздачы.

Характэрна, што, паводле інфармацыі гэтага ж сацыялагічнага цэнтра, тры гады таму Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне.

Тады па апытаннях яму давярала 46% рэспандэнтаў, што, напрыклад, перавышала паказчык украінскага даверу тагачаснаму канцлеру Германіі Ангеле Меркель (36,5%).

Сярод украінскіх палітычных сіл большы давер да Лукашэнкі ў 2020 выказвалі ў прарасійскай партыі «Апазіцыйная платформа — за жыццё» (лідара якой яшчэ летась абмянялі на абаронцаў «Азоўсталі») — 79%.

А ў партыі «Слуга народа» дзейнага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пазітыўнае стаўленне да Лукашэнкі тады выказвалі 54% апытаных.

Нагадаем, што 7 сакавіка Лукашэнка назваў Зяленскага «гнідай» пасля паспяховай дыверсіі супраць расійскага самалёта-наводчыка ў Мачулішчах. 

Украінскі бок на гэтую абразу адказваць не стаў.

Чытайце таксама:

Лукашэнка заявіў пра «ўкраінскага тэрарыста» і затрыманне «дваццаці саўдзельнікаў»

Аляксей Данілаў: Украіна не разрывае дыпламатычных адносін з Беларуссю, каб не правакаваць Лукашэнку

«Мы ведалі пра будучую атаку на Кіеў з Беларусі і закулісна падрыхтоўвалі Украіну для яе адбіцця». Энтані Блінкен даў вялікае інтэрв'ю да гадавіны вайны ва Украіне

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула